Прашу шаноўных дыпламатаў: не рабіце нас, беларусаў у Польшчы, ідыётамі.
«Вельмі добра, калі этнічныя беларусы маюць магчымасць вывучаць мову сваіх продкаў. Таму што мова - гэта галоўны ключ да культуры. Мова, культура, гісторыя народа — гэта нельга як-та разлучыць. Разумееце? Таму, што мова - гэта асноўнае. Калі ёсць мова — ёсць народ. Калі няма мовы — няма народа».
Шаноўныя чытачы, хуткая віктарына. Хто, на вашу думку, аўтар гэтых радкоў? Можа Зянон Пазьняк — бескампрамісны змагар за незалежную Беларусь і былы лідар Беларускага народнага фронту, зараз у палітычнай эміграцыі? Івонка Сурвіла — старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чужыне? А, можа, святой памяці Васіль Быкаў, якога апошняя доўгая дарога дадому таксама была назначаная пераследам лукашысцкіх апрычнікаў і горкім смакам эміграцыі. Так, гэтыя людзі напэўна не адзін раз не толькі падобнымі, сваімі словамі, але і дзеяннямі даказвалі ўсю нацыянальную праўду, за якую прыходзіцца цярпець здзекі над беларускасцю. Але... увага, геройскім аўтарам гэтых радкоў з’яўляецца не хто іншы, як консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку... Аляксандр Сувораў, у выказванні для тэлевізійнай праграмы «Беларускі тыдзень», якая пабачыла свет 9 верасня.
Спрактыкаваны дыпламат аб’яўляў з усмешкай свае праўды гораду і свету (urbi et orbi), на інаўгурацыі школьнага года ў Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, суправаджаючы там свайго кіраўніка — амбасадара Віктара Гайсёнка. Пачуўшы нешта такое ў нядзельку з раніцы, атрымаў я такі зарад эмоцыяў, мацнейшых нават за любімую ў гэтую пару дня зялёную гарбату. Спачатку ўскіпеў, быццам гэты чайнік на кухні, але потым паспакайнеўшы... пагадзіўся з выказаным. Так, гэта былі шчырыя, фарыcейскія словы.
Я поўнасцю падтрымліваю ідэю, каб этнічныя беларусы, перадусім у... Рэспубліцы Беларусь, вывучалі ўсе прадметы на роднай мове. І спачатку хацеў бы пабачыць, як баявіты консул выступае з такімі палымянымі прамовамі непадалёк ад нас, у Гродне ці Бярэсці, перад сваімі калегамі вертыкальшчыкамі, якія там спляжылі ўсё беларускае. У гарадах, дзе няма беларускіх садзікаў, школ, універсітэтаў. Няма таго і па ўсёй Беларусі. А сваю адозву-праўду консул абавязкова павінен адправіць Аляксандру Рыгоравічу, якому пасля прачытанага ўрэшце зыдзе бяльмо з вачэй і прападзе вашчына з вушэй. Але пакуль справа дойдзе да кіраўніка дзяржавы, дык можа спачатку поўнасцю расейскамоўны сайт Міністэрства замежных спраў Беларусі стане беларускамоўным? Ёсць мова — ёсць народ? — гаворыце. Паводле вас так мае выглядаць вонкавае выяўленне беларускай дзяржаўнасці вашага ведамства? Дык з чым маем зараз дачыненне ў Беларусі? Баюся голасна выказваць гэтыя словы, але ідзе цяпер мэтанакіраваны працэс нацыянальнага разбурэння, які мае ўжо прызнакі моўнага генацыду. Як прыемна пабываць у гайнаўскім ліцэі, карыстаючыся прывілеямі дэмакратыі і заклікаць ліцэйскую моладзь да падтрымлівання беларускасці ў Польшчы, адначасна даўно выганяючы з краіны беларускі мінскі гуманітарны ліцэй, што дзейнічае ў падполлі і бадзяецца ў замежжы!
Так мае выглядаць будучыня беларускай мовы і моладзі? Людзей, для якіх беларускасць — гэта не пустое, а святое! Гэта дзякуючы іхняму змаганню за беларускасць, можаце вы і іншыя дыпламаты яшчэ называць сябе прадстаўнікамі пакуль што незалежнай беларускай дзяржавы. Моладзь, якая выкідваецца з універсітэтаў, штрафуецца, садзіцца ў турмы, прымушаецца з’язджаць з краіны. Пераломаныя чалавечыя лёсы тысячаў верных дзяцей сваёй Бацькаўшчыны — гарантам добрага самаадчування ўсіх прыўладных саўдзельнікаў у злачынстве! А, можа, ўсе беларускія дыпламаты з Польшчы выступяць разам з лекцыяй перад сябрамі Маладога фронту і там, глядзеўшы маладым юнакам у вочы, адкажуць, чаму іхні лідар Зміцер Дашкевіч атрымаў яшчэ чарговы год турмы (3 гады), толькі за тое, што кахае Беларусь і родную мову, а стваральнік арганізацыі Павал Севярынец адбывае чарговую «хімію»?
І таму прашу шаноўных дыпламатаў: не рабіце нас, беларусаў у Польшчы, ідыётамі, якіх можна заваражыць і заманіць прыгожымі словамі, касцюмамі, ноўтбукамі, візамі ці экскурсіямі. Вы кажаце: «няма мовы — няма народа». Так, спадары дыпламаты, няма народа — калі ўсё адбываецца на мове хлусні, цынізму, падману. І не ашукаеце ўсіх, хаця будзе гэта выказанае па-беларуску. Мы проста і так вам не будзем верыць.
Яўген Вапа, спецыяльна для charter97.org