Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вацлаў Арэшка: Грамадства было гатовае да байкоту

11.10.2012 политика
Вацлаў Арэшка: Грамадства было гатовае да байкоту

Уладам не атрымалася схаваць тое, што людзі не прыйшлі на «выбары».

Аб гэтым сайту charter97.org расказаў сябра аргкамітэту «Беларускага Руха» Вацлаў Арэшка.

- Ці заўважылі вы якую-небудзь «выбарчую» кампанію?

- На маю думку, дзяржаўнай «выбарчай» кампаніі не было. «Выбары» былі дзясятай навіною, бо для ўладаў гэта не такая ўжо важная падзея. Калі стала зразумела, што людзі не хочуць ісці на «выбары», кампанія пертварылася ў акцыю прымусу да галасавання. Таму казаць пра «выбарчую» кампанію немагчыма ні пра дзяржаўную, ні пра апазіцыйную, бо гэта была не кампанія, а нейкая пародыя ў лепшым выпадку. Час гульні ў «выбары» сапраўды прайшоў. Тым больш «выбараў» у «палатку» ці мясцовыя саветы. Ды нават і ў прэзідэнцкія «выбары». Рэч будзе не ў «выбарах» як працэдуры, а ў той сітуацыі, калі можа стаць магчымай змена ўлады.

- Што мяркуеце постфактум наконт стратэгіі байкоту?

- Яна была невыпадковая, абраная больш за год таму, шчыльна звязаная з кірункам на працу з грамадствам, з грамадскай думкай. У мінулым годзе яна вылілася ў Народныя Сходы. Пасля «выбараў» 2010 года стала зразумела, што спробы працаваць з дзяржавай зазвычай абсалютна бессэнсоўныя. Трэба выбіраць стратэгію, каб не гуляць паводле правілаў дзяржавы. Байкот - гэта натуральна. І грамадства было гатовае да байкоту. Людзі проста не хацелі ўдзельнічаць у гэтых гульнях, падтрымліваць дзяржаву нават у «выбарах». Іншая сітуацыя, што не было адзінства ў апазіцыі: адныя клікалі да канца ісці, другія - пахадзіць, а потым сысці. Гэта вельмі перашкодзіла. Калі б была адзіная кампанія большасці апазіцыйных сіл, то байкот мог бы прагучаць значна мацней. Менавіта як байкот, а не як ігнараванне дзяржаўнай кампаніі.

Але тое, што людзі не прыйшлі, схаваць было немагчыма. Бо проста гледзячы на ўчасткі, якія сапраўды былі пустыя, кожны чалавек у гэтым мог пераканацца, апытаўшы сваіх знаёмых.

- Вы былі яшчэ і назіральнікам. Якія навацыі заўважылі?

- Калі казаць пра «навацыі» з боку дзяржавы - гэта рост нахабства, якое дайшло да абсалютнай мяжы. Калі на мінулых «выбарах» (я ўжо ўдзельнічаю шмат гадоў) яшчэ спрабавалі рабіць такія махлярскія тэхналогіі, укідванне бюлетэняў, прапаганду... То тут асноўным сродкам стала проста нахабнае перапісванне пратаколаў, нават без аніякага падліку бюлетэняў. Бюлетэні ўжо не патрэбныя. У пратаколы ўпісваліся лічбы, якія камісіі атрымалі зверху і не мелі нічога агульнага са зместам бюлетэняў.

- Зазвычай як пройдзе кампанія, то пачынаецца зацішша на палітычным полі. А што вы плануеце рабіць цяпер?

- Зацішша быць не павінна. Зацішша бывае ў тых, хто працуе ад «выбараў» да «выбараў». Месяц папрацавалі, потым год качаемся на канапе. Мне здаецца, наадварот, зараз пачынаецца вельмі сур'ёзная праца. Гэта праца з людзьмі. На сённяшні дзень мне падаецца, што грамадства гатовае да таго, каб апазіцыя магла стаць часткай грамадства, а не нейкай там рэзэрвацыяй, як яна ўвесь час была. Таму трэба з людзьмі размаўляць. На сённяшні дзень мы ўжо пачалі камунікаваць з людзьмі, тлумачыць, што адбылося, што выбараў не было. Трэба паказваць людзям, што яны ў большасці – тыя, хто не пайшоў на «выбары», тыя, хто хаця б пасіўна не падтрымаў рэжым. Калі людзі гэта зразумеюць, значна прасцей будзе рабіць усё астатняе. Народ перастане так баяцца. Вось перамагчы гэты страх і прапанаваць людзям тое, што ім будзе цікава і карысна - гэта тое, чым зараз трэба займацца. Мы будзем працаваць з калектывамі прадпрыемстваў, з моладдзю…

- Вы кажаце «Мы будзем працаваць». Хто гэта «мы»?

- Канкрэтна я магу казаць пра тую невялікую групу, якая называецца «Беларускі рух», але на сённяшні дзень складваюцца як мінімум дзве асноўныя плыні. Вось тая плынь, да якой я адношу сябе (яе называюць радыкальнай)… Я сказаў бы, што гэта каштоўнасная плынь. Гэта тыя структуры, той актыў апазіцыйны, для якога паняцце маральных і нацыянальных каштоўнасцяў і ўвогуле чалавечых не такое далёкае, як для некаторых іншых у апазіцыі людзей. Для нас важна не проста выканаць там нейкі план, перамагчы што б там ні было… Вельмі важна, каб у Беларусі аднавіліся каштоўнасці маральныя. Бо ўлада Лукашэнкі разбурыла ў грамадстве паняцці, што такое добра і што такое дрэнна. Без гэтага палітыка не можа існаваць. Не можа быць добрага палітыка, для каго вось гэтыя рэчы не маюць ніякай розніцы. Таму будзем падыходзіць да гэтых каштоўнасцяў менавіта з маральных пазіцый. Ёсць структуры, ёсць людзі, каму такія каштоўнасці блізкія. Гэта і хрысціянскія дэмакраты, і Аб'яднаная грамадзянская партыя, і «Эўрапейская Беларусь» ды шэраг іншых маладзёвых арганізацый. На маю думку, у найбліжэйшыя месяцы так ці інакш выйдзе нейкае такое размежаванне. На сёння гэта, здаецца, і карысна. Не трэба рабіць нейкае фармальнае аб'яднанне, дзе ўсе за спінай будуць паказваць адзін адному дулю. Але варта добра падумаць, азірнуцца навокал, паглядзець, з кім можна працаваць, з кім можна ісці да будучыні, да перамогі, з кім можна снаваць супольныя планы. А падчас дзейнасці высветліцца, хто сур'ёзна ставіцца да сітуацыі, хто не. Ніякія дамоўленасці, ніякія пагадненні не заменяць супольнай працы. Калі апазіцыя расколецца на два лагеры сёння, я думаю, гэта лепш, чым мець адзін лагер, у якім усе адзін аднога ненавідзяць.

- Якія высновы з гэтых «выбараў» зробленыя?  

- Гэта кампанія значна паўплывае на стратэгіі (паўтаруся – стратэгіі), бо адзінай стратэгіі, я баюся, не будзе. Для нас важна рыхтавацца не проста да выбараў, як нейкай дзяржаўнай кампаніі. Рыхтавацца да таго, каб стварыць сітуацыю ў грамадстве, каб яно было ў стане паслаць гэты рэжым куды падалей. «Выбары» - гэта проста адзін з момантаў, калі складаюцца такія абставіны, што можна нешта зрабіць. Але гэтыя абставіны могуць скласціся не ў 2015, а ў 2013 годзе. Так што рэч тут у тым, каб грамадства было гатовае да перамен, гатовае выступіць за гэтыя перамены.  

- Якія крокі трэба зрабіць, каб падрыхтаваць грамадства?

- У нашым грамадстве значную ролю адыгрываюць рабочыя, таму трэба працаваць з імі. Таму што калі рабочыя ўсвядомяць сваю сілу, сваю моц і пачнуць за свае правы змагацца больш актыўна (а мы бачым, што гэты працэс пакрысе адбываецца), то гэта будзе ўплываць на дзяржаву. Калі спыняцца заводы, гэта значна важней, чым калі на вуліцу выйдзе 1000 студэнтаў ці інтэлігентаў. Значыць, нам трэба ісці да тых груп насельніцтва, у якіх ёсць сур'ёзныя праблемы, і паспрабаваць ім дапамагчы. Мне падаецца, што значную ролю адыграюць незалежныя прафсаюзы. Мы з імі будзем і надалей  супрацоўнічаць, бо менавіта яны падыходзяць да людзей не з боку палітычных лозунгаў, а з боку іх жыцця, падыходзяць да людзей з іх праблемамі, а не з нашымі (палітычнымі) праблемамі. Нашыя праблемы - каго выбраць адзіным кандыдатам... людзей гэта мала цікавіць. Іх цікавіць, як мець нармальны заробак, як накарміць сям'ю. Наколькі магчыма, нам трэба дапамагаць вырашаць ім гэтыя праблемы, ці ствараць такія сітуацыя, каб людзі маглі разумець, як ім гэтую праблему вырашаць. Настолькі мы будзем карыстацца падтрымкай. Другое, што б я яшчэ сказаў пра стратэгію будучай працы: яна не новая, яна была сфармуляваная яшчэ ў 2004 годзе. Гэта стратэгія кажа: для таго, каб працаваць з большасцю, трэба спачатку заваяваць меншасць. Мне здаецца, гэта вельмі важна, бо размаўляць з насельніцтвам, маючы некалькі сотняў ці нават некалькі тысяч актывістаў у шэрагах - гэта значыць не размаўляць ні з кім, таму што людзі не ў змозе данесці тую інфармацыю да мільёнаў. А людзям вельмі важна, калі інфармацыя недзе не на сайтах з'яўляецца, а калі яна прыходзіць ад чалавека да чалавека. Гэта найлепшы спосаб дастаўкі інфармацыі. Калі ў нас будзе больш людзей, якія зразумеюць, што трэба рабіць перамены, то яны стануць прыхільнікамі нашай канцэпцыі гэтых пераменаў. Не важна, ці будуць яны сябрамі арганізацый, актыўнымі ўдзельнікамі нейкіх форумаў, важна, каб яны далучыліся да нашай дзейнасці. Яны будуць пераказваць нашу пазіцыю сваім блізкім, знаёмым, і гэтая інфармацыя стане даступнай.

- Людзі цяпер кінуліся скупляць валюту, тавары. Што вы пра гэта думаеце?

- Усе разумеюць, ледзь не да апошняй бабкі, што варта чакаць пагаршэння сітуацыі. Ёсць расейская падтрымка, але яна не можа кампенсаваць усе патрэбныя для рэжыма выдаткі. Нашая эканоміка не прыстасаваная да сучаснага свету, гэта штогод ці нават штомесяц, штотыдзень будзе адчувацца. Вы ж паглядзіце: не паспелі прайсці «выбары», як пачынаюць расці цэны. Мы пра гэта казалі людзям і зараз кажам. Да «выбараў» неяк трымалі, а зараз трэба заплаціць, як пасля «выбараў» у 2010 годзе. І людзі ўжо зараз разумеюць, што рэч тут не толькі ў сусветным крызісе, не толькі там эўра ці даляр хістаецца, а хістаецца беларускі рубель, які ні на чым не трымаецца, бо за ім няма рэальнай эканомікі. Беларусь ператварылася ў нейкі эканамічны прыдатак Расеі, у краіну з незразумелымі эканамічнымі параметрамі, якія кіраўніцтва спрабуе змяняць проста гвалтам. Гэта немагчыма, значыць, за гэта прыйдзецца плаціць людзям. А раз людзям прыйдзецца плаціць, яны ўжо хочуць ведаць, хто ў гэтым вінаваты. І сёння ўжо не трэба доўга тлумачыць, мне здаецца, кожны ўжо можа паказаць пальцам. Значыць, трэба нешта мяняць, і людзям цяпер гэтая ідэя становіцца усё бліжэйшай. Ведама ж, гэта не адбываецца ў адзін дзень, адзін год. Хаця апазіцыя ўжо шмат гадоў кажа, што трэба змяняць уладу. Але да 2010 года большая частка грамадства ўспрымала нашае пасланне як нешта такое нецікавае. Сапраўды, было вельмі няблага. Сёння ўжо ўсе адчуваюць напружанне, напэўна, нават тыя, хто больш ці менш заможны - усе адчуваюць, што ёсць такая няпэўнасць у заўтрашнім дні. Значыць, людзі будуць незадаволеныя. Але трэба ў першую чаргу абапірацца на тых людзей, якія ўмеюць жыць і працаваць. Галоўнае для нас - заваяваць тых людзей, якія могуць будаваць нешта, адказваць за сябе - гэта меншая частка грамадства. І калі гэтыя людзі будуць за дэмакратычныя перамены, ніякі рэжым не ўтрымаецца. Рэжым, нават калі ён самы таталітарны, самы жорсткі, усё адно патрабуе падтрымкі большасці. Вось мы бачым, як Лукашэнка цяпер турбуецца. Чаму малююць гэтыя лічбы на «выбарах»? Таму што яны адчуваюць, што няма гэтага апірышча, няма гэтай падтрымкі. Значыць, у кожную секунду можа усё хіснуцца і раскідацца.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]