На канец кастрычніка запланаваны рэліз адразу двух новых дыскаў ад гурта "Палац".
Музыкі прадстаўляюць музычную прыпавесць "Салдат-доктар" і новы студыйны альбом "Кола грукатала". Між тым, на канцэрт з нагоды 20-годдзя "Палацу" ужо не засталося вольных месцаў. Усе квіткі на імпрэзу ў тэатры беларускай драматургіі раскупленыя за два тыдні да пачатку, паведамляе "Тузін гітоў".
Апошняя студыйная праца "Палацу" датуецца 2003 годам. Тады выйшаў альбом "Святочны", пасля якога музыкі ўзялі працяглую паўзу.
"Працу мы не спынялі, проста ў нас зьмянілася стаўленне да выдання нашай музыкі і мы не імкнуліся да таго, каб усімі праўдамі і няпраўдамі запісаць песень на цэлы альбом і неадкладна яго выдаць. Мы не заганялі сябе ў нейкія межы і ставіліся да кожнай песні, як для падзеі. Зараз якраз прыспеў той час, калі мы можам паказаць вынік гэтай доўгай працы", – кажа лідэр каманды Алег Хаменка.
"Палац" падрыхтаваў да выдання адразу два дыскі. Першы можна назваць хутчэй сайд-праектам удзельнікаў гурта. Яны запісалі музычную прыпавесць "Салдат-доктар", створаную паводле аднайменнай казкі. Алег Хаменка даследаваў яе, і ўсё, што звязана з гэтым сюжэтам, цягам васьмі год і вось як ён сцісла перадае сэнс твора: "Гэтая казка можа быць яркай ілюстрацыяй таго, якім ёсць беларус на самой справе, з усімі ягонымі праблемамі, комплексамі ды страхамі". Выканаўца папярэджвае, што казка разлічаная на аўдыторыю пасля 10 год і раіць паслухаць яе перадусім дарослым.
Адначасова з "Салдатам" выйдзе і чацвёрты поўнафарматны студыйны альбом гурта пад назвай "Кола грукатала". У дыск увойдзе 10 песень, праца над якімі вялася цягам амаль 10 год. Большасць рэчаў належыць аўтарству Хаменкі, але ўсе яны звязаныя з беларускімі легендамі і паданнямі. У тым ліку твор "Птушка", напісаны паводле верша Анатоля Сыса. Да ўсяго ў альбоме прысутнічаюць дзве новыя рок-версіі старых "палацаўскіх" гітоў "Русалкі" і "Страла", а таксама цікавыя бонусы.
Плануецца, што абодва рэлізы пабачаць свет 26 кастрычніка, калі "Палац" будзе адзначаць 20-годдзе сваёй дзейнасці ў беларускім тэатры драматургіі. Цікавасць на канцэрту настолькі вялікая, што квіткі на яго раскупленыя за два тыдні да яго пачатку. Хаменка з гэтай нагоды выглядае яўна расчуленым: "Гэта радасна і сумна адначасова. Мы такога сапраўды не чакалі! Але маем праблему з тым, што далёка не ўсе, каго мы хочам бачыць, здолеюць трапіць да нас у гэты вечар". Зараз гурт абмяркоўвае з адміністрацыяй залы магчымасьць арганізацыі дадатковага канцэрту.