Даўно мне хацелася выказацца наконт маральных аспэктаў моўнай сытуацыі ў Беларусі і спрэчак вакол гэтай праблемы. І вось апошняя дыскусія на гэты конт якраз і дае мне такую нагоду.
Беларусы любяць беларускую мову
Бываючы ў Менску і іншых гарадах краіны я практычна заўсёды (за рэдкімі выключэньнямі) карыстаюся беларускай мовай. За апошнія 10-15 гадоў я НІ РАЗУ не сутыкаўся з адмоўным стаўленьнем да маёй мовы і да мяне, як да яе носьбіта. Наадварот, людзі пераважна прыязна ўспрымаюць беларускую гаворку, а многія ў адказ нават спрабуюць сказаць пару словаў на ёй. Часам можна нават сустрэцца зь няёмкасьцю таго, хто ня можа адказаць па-беларуску. Таму я сьцьвярджаю, што глыбока, у падсьвядомасьці расейскамоўныя беларусы маюць замілаваньне да беларускай мовы як да нечага роднага, што дзеля незразумелых прычынаў аказалася чамусьці гнанае. Я сьцьвярджаю, што БЕЛАРУСЫ ЛЮБЯЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ, разумеюць неабходнасьць яе існаваньня і карыстаньня ёю. Мільёны людзей у Беларусі, прыехаўшы зь вёсак у гарады былі вымушаныя пакутліва сябе ламаць, цярпець зьдзекі гарадзкіх са свае гаворкі і свайго вымаўленьня, і таму, сустрэўшы беларускамоўнага, сьвядома ці падсьвядома яму сымпатызыюць.
Сам я з адмоўнай рэакцыяй не сутыкаўся, але разумею, што каб такая і была, то з боку беларуса яна можа быць выкліканая і тым, што сам ён некалі даўно ўжо выракся беларускай мовы, і цяпер раздражняецца, сустрэўшы напамін аб гэтым.
Але галоўнае вось што. Усе, хто лічыць сябе беларусамі, хто вызначае сваю нацыянальнасьць як беларускую, ня супраць беларускай мовы.
Хто ня любіць беларускую мову
Беларускую мову ў Беларусі ня любяць небеларусы. І тут увага — я ня маю на ўвазе этнічнае паходжаньне, кроў. Я маю на ўвазе сьвядомасьць. Небеларусаў паводле сьвядомасьці ў Беларусі некалькі тыпаў.
Прыежджыя людзі пераважна расейскай культуры і іх нашчадкі. Такія людзі часта беларускай мовай пагарджаюць, грэбуюць ёй і патрабуюць «дзьвюхмоўя».
Мясцовыя русыфікаваныя людзі. Гэта якраз такія ў нас часта кажуць «мы, рускія». Інтэлектуалы гэтай часткі насельніцтва часта называюць сябе «тоже белорусы». Гэта спадчына Расейскай імпэрыі і СССР зь яго брутальнай русыфікацыяй. Такіх шмат у гарадах. Яны і іх бацькі карысталіся расейскай мовай на працягу сярэдзіны-другой паловы ХХ стагодзьдзя і страцілі усякую сувязь зь беларускай культурнай традыцыяй. Яны цалкам знаходзяцца у полі расейскай масавай (і ня толькі) культуры. Але ў параўнаньні зь сялянскім морам, якое цалкам заліло ў другой палове мінулага стагодзьдзя нашы гарады, гэтая група адносна нешматлікая.
Да гэтых «тоже белорусов» прымыкаюць і мясцовыя расейскія імпэрцы з асяродзьдзя Праваслаўнай царквы — «западноруссы», «белоруссы». У гэтую групу ўваходзяць людзі рознага паходжаньня, але ўсіх іх аб’ядноўвае ідэя трыадзінай Сьвятой Русі і яе адзіна правільнай Расейскай Праваслаўнай царквы.
Многія прадстаўнікі маладога пакаленьня беларусаў (гараджане і вяскоўцы), якое ўвайшло ў жыцьцё за часы кіраваньня А.Лукашэнкі. Гэта малакультурныя і малаадукаваныя адэпты расейскай маскультуры, ахвяры сыстэмы адукацыі, шызафрэнічнай афіцыйнай прапаганды і «патрыятычнай» рыторыкі кшталту: «Беларус — гэта расеец са знакам якасьці», «мы з рускімі адзін народ» і г.д.
Некаторыя (падкрэсьліваю, далёка ня ўсе) прадстаўнікі мясцовых небеларускіх групаў насельніцтва і некаторых рэгіянальных дыялектаў.
Маральны аспэкт праблемы
Дыскусія пра ролю і месца ў Беларусі беларускай і расейскай моваў вядзецца ўжо некалькі месяцаў. У кастрычніку яна актывізавалася дзякуючы тэксту Сяргея Дубаўца «Мова дэмакратыі і мова дыктатуры». Я быў шчасьлівы, калі прачытаў водгук Мікалая Халезіна на тэкст Дубаўца. Вось як трэба сябе захоўваць у гэтай сытуацыі расейскамоўнаму чалавеку! Вось якія словы трэба гаварыць і якую пазыцыю займаць! Здымаю капялюш перад Мікалаем.
Уявім сабе зьбітага хуліганамі ў кроў чалавека, які ляжыць на вуліцы. Што мае зрабіць прыстойны чалавек побач? Зразумела, дапамагчы чалавеку ўстаць, абцерціся і г.д. Іншымі словамі, прыстойны мае дапамагчы чалавеку вярнуцца да нармальнага стану. Але, аказваецца, ёсьць і іншы варыянт паводзінаў. Напрыклад такі. Падскокваюць да зьбітага людцы і цынічна кажуць яму: ну што ж, так сталася, нічога не паробіш, такое жыцьцё, ляжы цяпер такі, скрываўлены, ня трэба ўставаць, ня трэба абцірацца, што зробіш, ляжы... Памрэш? Ну што ж, значыцца так павінна было стацца.
Вось так і з нашай беларускай мовай. Нас б’юць і плакаць не даюць. Нам кажуць, ну што ж зробіш, калі так сталася, нічога ўжо ня зьменіш, трэба з гэтым неяк жыць. Ёсьць расейская мова ў Беларусі, ёсьць яе адэпты, іх большасьць і беларускамоўнае гета з гэтым павінна лічыцца і не навязваць людзям сваю «мову». Больш за тое, беларускамоўным цяпер прапануюць прызнаць расейскую мовай беларускай культуры. І тады паўстае пытаньне, нашто бараніць слабейшую беларускую? Усё роўна ж застанецца нейкая Беларусь і нейкая яе культура на расейскай мове.
А самыя вытанчана-цынічныя нават кажуць, што гэта і ёсьць выратаваньне беларускасьці.
Хібныя тэзы і хібныя высновы зь іх. Частка 1.
Мяне ўвесь час зьдзіўляюць адэпты расейскай мовы і культуры ў Беларусі сваімі бясконцымі цьверджаньнямі, што наяўную сытуацыю трэба прыняць за сыходную і ад яе «плясать». А чаму?
У адказ зьяўляюцца аргумэнты пра сучасную сацыялёгію і этнаграфію, нейкія рэкамэндацыі ААН, тэорыі фармаваньня мадэрных нацыяў і г.д. Паглядзіш і сапраўды там пішуць дзіўныя рэчы. Напрыклад, у паперах ААН рэкамэндуецца вызначаць нацыянальнасьць чалавека выключна паводле яго ўласных цьверджаньняў, а родную мову — паводле той мовы, на якой ён навучыўся гаварыць і на якой гаварыла яго маці. На маю думку, мэтадалягічна — вельмі хібная рэкамэндацыя. А чаму і мову нельга вызначаць паводле простага адказу чалавека на пытаньне, якая яна ў яго родная? Або чаму трэба браць на веру цьверджаньне неадукаванай беларускамоўнай цёткі-каталічкі зь Мядзельшчыны, што яна палячка?
Здаровы сэнс гаворыць, што трэба або так, або так. Аж не, аказваецца мадэрныя трэнды не такія. Некаму недзе выгадна менавіта так, каб нацыянальнасьць вызначалі па самасьвядомасьці, а мову — не па самасьвядомасьці, а паводле рэальнага факту.
А я не разумею, чаму мы павінны адмаўляцца ад высокіх дасягненьняў айчыннай этнаграфіі, якую многія дзесяцігодзьдзі распрацоўвалі ў Інстытуце этнаграфіі Акадэміі навук і на шматлікіх катэдрах этнаграфіі. У нашага этнасу ёсьць дакладная тэрыторыя расьсяленьня, ёсьць адзін з самых багатых у сьвеце літаратурных і музычных фальклёраў, свой народны інструмэнтарый, свае тыпы жытла, сваё нацыянальнае адзеньне, свае спосабы ткацтва і вышываньня, нарэшце свой антрапалягічны тып. Этнаграфія — гэта дакладная навука, якая апэруе ў тым ліку і матэрыяльнымі артэфактамі.
Хібныя тэзы і хібныя высновы зь іх. Частка 2.
Другая хібная тэза, якая вядзе ўдзельнікаў моўнай дыскусіі да хібных вынікаў, гэта цьверджаньне, што беларускі народ добраахвотна адмовіўся ад беларускай мовы, і што Лукашэнку ў 1994 годзе выбралі ў адказ на гвалтоўную беларусізацыю.
Насамрэч, і тое, і тое — маніпуляцыя і непрыхаваная хлусьня.
Беларускі народ ніколі добраахвотна не адмаўляўся ад сваёй мовы. Больш за 300 апошніх гадоў насуперак гвалтоўным і брутальным палянізацыі і русыфікацыі наш народ у кожны спрыяльны момант гісторыі паказваў цуды нацыянальнага адраджэньня і фантастычную волю да жыцьця, высоўваючы са сваіх шэрагаў тысячы і тысячы таленавітых сыноў і дачок, сапраўдную палітычную і творчую эліту краіны. І не віна беларускага народу, што геапалітычны лёс складаўся так, што больш моцныя суседзі перамагалі і выбівалі на Лукішках, у Сыбіры, у Курапатах і ГУЛАГу лепшых нашых дзеячоў — тысячы і тысячы паўстанцаў, настаўнікаў, палітыкаў і творцаў.
Усе гэтыя апошнія 300 гадоў наш народ змагаецца за выжываньне, актыўна губляючы пры гэтым тэрыторыю і колькасьць.
А ведаючы гісторыю Беларусі ХХ стагодзьдзя, ведаючы жах нацыянальнага пагрому 30-х і 40-х гадоў ХХ стагодзьдзя, пра арышты моладзі ў 50-х, ведаючы пра брутальную савецкую русыфікацыю пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў, проста дзіву даесься, што ў некага паварочваецца язык назваць гэта добраахвотнай адмовай ад мовы. Аднак жа паварочваецца...
Пасьля ўсяго, што з намі адбылося за гэтыя 300 гадоў, гэта сапраўдны цуд, што ў 2012 годзе, у ХХІ стагодзьдзі, я гэты тэкст пішу па-беларуску і яго яшчэ нехта можа прачытаць. Інакш, як мэтафізыкай і воляй нябёсаў гэта не назавеш...
Хібныя тэзы і хібныя высновы зь іх. Частка 3.
Пра А.Лукашэнку. Гэта таксама маніпуляцыя і няпраўда, калі кажуць і пішуць, што беларусы абралі Лукашэнку, каб ён абараніў іх ад беларускай мовы і нацыяналістаў. Гэта вельмі каварнае цьверджаньне. Аўтары такіх заяваў карыстаюцца інфармацыйным разрывам, які адбыўся за часы кіраваньня Лукашэнкі паміж даволі высокімі культурнымі і грамадзкімі дасягненьнямі беларусаў канца 80-пачатку 90-х гадоў і цяперашнім часам, калі ў выніку палітыкі аўтарытарнага рэжыму і задушэньня свабодаў новае пакаленьне вырасла ва ўмовах вакууму праўдзівай інфармацыі аб тых часах.
У пачатку 90-х беларускі народ абурана назіраў, як чыноўнікі кінуліся зарабляць грошы. Тысячы і тысячы простых работнікаў на заводах і фабрыках бачылі, як на іх вачах узбагачаецца заводзкае кіраўніцтва. І тут зьяўляецца чалавек, які кажа, што ўсіх карупцыянэраў пасадзіць у турму. Абраньне Лукашэнкі было ў пэўнай ступені рэлігійным актам беларускага народу. Простыя людзі паверылі яго рыторыцы адчайна і незваротна. Да Лукашэнкі панесьлі «чамаданы кампрамату» супрацоўнікі міліцыі, КДБ і пракуратуры. Яму паверылі практычна ўсе. Памятаю, як на адным перадвыбарчым сходзе ў Гомелі жанчына ў рэлігійным экстазе цягнула сваё немаўля на сцэну да А.Лукашэнкі, каб той дакрануўся да дзіцяці... Чым не эвангельская сцэна?
І пляваць было беларускаму народу тады, што А.Лукашэнка нешта там гаварыў за год перад выбарамі ў Дзярждуме Расеі. Народ прагнуў абаронцы і справядлівасьці.
І што ж ён атрымаў? Атрымаў ён славуты выпадак, калі прэзыдэнцкі памочнік Віктар Кучынскі ў простым эфіры нацыянальнага радыё ішоў з групай міліцыянтаў і пісталетам па калідорах Менгарвыканкаму арыштоўваць аднаго з «галоўных карупцыянэраў» Менску — намесьніка старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Ярмошына за «афэры з кватэрамі». А ў гэты самы момант таксама ў простым эфіры, але па тэлебачаньні, перадавалі ўказ маладога прэзыдэнта аб прызначэньні таго ж Ярмошына старшынём Менгарвыканкаму... І выпадак гэты быў пасьля паўтораны шмат разоў. Усіх, хто быў «на кручку», прызначалі на пасады, каб трымаць пад кантролем...
Нядаўна давялося прачытаць, як пра гэты час першы пасол ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц сказаў, што А.Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам на «антыкарупцыйнай хвалі»...
І ніякіх пунктаў пра закрыцьцё беларускіх школаў і дзіцячых садкоў у праграме Лукашэнкі тады не было, як не было і абяцаньняў вярнуць старую савецкую сымболіку. Рэфэрэндум 14 траўня 1995 году ня быў вынікам рэалізацыі перадвыбарчых абяцаньняў гэтага палітыка.
Сёньня моладзі ўжо цяжка ўявіць той час, калі супрацоўнікі ДАІ ў Менску гаварылі па-беларуску, калі групы дзетак у дзіцячых садках пад кіраўніцтвам выхавацелек ішлі па вуліцы і шчабяталі між сабой на мове...
І галоўнае. Ніякіх пратэстаў супраць пераводу часткі школаў і садкоў на беларускую мову ў пачатку 90-х гадоў не было, не было дэманстрацыяў, пікетаў, тысячаў абураных лістоў у газэты. Не было. Народ не абураўся.
Ці моўна-культурныя працэсы сапраўды незваротныя?
Узяўшы за аснову хібныя тэзы «мадэрныя» аўтары робяць і хібныя высновы. У апошнія гады ня раз даводзілася чуць і чытаць, што моўная сытуацыя ў Беларусі незваротная, што расейская мова застанецца ў Беларусі ўжо назаўжды, што трэба ствараць беларускую тоеснасьць і культуру на расейскай мове і г.д
А я не разумею, а чаму яны незваротныя? Сусьветная гісторыя, у тым ліку і найноўшых часоў, толькі і робіць што дае прыклады зьменлівасьці і рухомасьці моўна-лінгвістычных працэсаў, у тым ліку і іх нярэдкай зваротнасьці. Чаму ж нас пераконваюць у тым, што моўную сытуацыю у Беларусі зьмяніць немагчыма? І што расейская мова застанецца ў Беларусі назаўжды?
Адказаў на гэтыя пытаньні можа быць шмат. У кожнага такога «сьцьвярджальніка» свой інтарэс. Нехта плача па трыадзінай Расеі; нехта па СССР; нехта ненавідзіць незалежнасьць, бо не разумее яе каштоўнасьці — для такіх гэта наогул ніякая не каштоўнасьць, бо не ўсьведамляецца сваёй; нехта проста ня хоча мяняцца; а нехта спадзяецца, замацаваўшы шматмоўны характар беларускай культуры, знайсьці там месца і для мовы сваёй нацыянальнай мяншыні.
Заклікі да прызнаньня расейскай мовы мовай нацыянальнай культуры Беларусі — згубныя, шкодныя і да нічога добрага не прывядуць. Русыфікаваны беларус — гэта расеец. І толькі. Расейскамоўная Беларусь — гэта частка Расеі. І толькі. Гэта не мая ўласная выснова, гэта — рэальнасьць. Тысячы і тысячы русыфікаваных беларусаў у апошнія дзесяцігодзьдзі эмігруюць і зьнікаюць у Расеі, у Эўропе і ў ЗША. У Празе жыве 5000 беларусаў, а на беларускія сьвяты прыходзіць 30-40 чалавек. Астатнія беларусы — гэта чэскія расейцы. І якую там расейскамоўную беларускую тоеснасьць вы зь іх вытварыце, спадарства? Яны — расейцы. Прыцягнуць іх магла б свая пасьпяховая нацыянальная дзяржава са сваёй культурай, стварэньне якой вы сваімі заклікамі адцягваеце і ўскладняеце.
Тым часам мы жывем у пэрыяд новага ажыўленьня нацыянальных рухаў у Эўропе. Прыкладаў — процьма. Каталёнцы, баскі, шатляндцы... Ніхто ня хоча сыходзіць з гістарычнай арэны, усе хочуць рэалізаваць сваё прыроднае права на самабытнасьць і моўную асобнасьць, на стварэньне культуры і нават каханьне на роднай мове.
Маральная сіла беларушчыны
Апошнія 7-8 гадоў я з прыемнасьцю і зьдзіўленьнем назіраю, як беларушчына няўхільна заваёўвае пазыцыі і перамагае ў дэмакратычным апазыцыйным асяродзьдзі Беларусі. Цяпер ня ўмець даць інтэрвію або выступіць па-беларуску сярод апазыцыйных палітыкаў лічыцца дрэнным тонам. Было цікава назіраць, як многія былыя члены каманды Лукашэнкі і выхадцы з намэнклятуры вучыліся гаварыць на мове, перайшоўшы ў апазыцыю.
Гэтыя працэсы — сьведчаньне небывалай маральнай сілы беларушчыны. Сьведчаньне вялікай жывучасьці нашай нацыянальнай ідэі, нашага нацыянальнага гістарычнага міту і прыцягальнасьці для беларусаў іх нацыянальнай мовы і культуры. Уся арганізаваная альтэрнатыва цяперашняму рэжыму — беларуская. І гэта дае нам самы дакладны адказ на пытаньне, што будзе пасьля Лукашэнкі.
А будзе ўсё, як у іншых краінах Эўропы. У Гішпаніі дзяржаўная мова гішпанская, у Італіі — італьянская, у Францыі — француская, у Нямеччыне — нямецкая, у Польшчы польская, Чэхіі — чэская і г.д. І гэта пры тым, што ў большасьці гэтых краінаў існуюць і іншыя нацыянальныя мовы і этнасы. Аднак права мяншыні на выкарыстаньне сваёй мовы ў рэгіянальных органах улады не закрэсьлівае адзіны дзяржаўны статус тытульнай нацыі. Так будзе і ў постлукашэнкаўскай Беларусі. Ніхто нікому ня будзе дыктаваць, на якой мове размаўляць дома з жонкай і дзецьмі, на якой мове глядзець тэлевізію і чытаць сайты або газэты. Але адзінай дзяржаўнай мовай будзе беларуская.
Я думаю, што не дапамогуць нават крывадушныя апэляцыі да дэмакратыі і правоў чалавека. У прыстойных людзей няма іншага выйсьця, як дапамагчы зьбітаму ў кроў хуліганамі падняцца, абцерці яго, абмыць і дапамагчы пайсьці далей. Нацыянальная праблема ў посткаляніяльнай краіне ня можа вырашацца дэмакратычным шляхам, бо не дэмакратычным шляхам яна стваралася. Яна стваралася гвалтам, расстрэламі, Курапатамі і ГУЛАГам. І новы ўрад мае права і павінен паставіць раней гнаную культуру і мову ў больш выгаднае становішча. Паставіць іх у роўнае становішча — значыць пагубіць аслабленыя мову і культуру. І дзіўна, што якраз гэта прапануюць зрабіць некаторыя ўдзельнікі моўных спрэчак у інтэрнэце і фэйсбуку ў апошнія месяцы. Гэта якраз і прапанаваў зрабіць у траўні 1995 году на рэфэрэндуме адзін вядомы палітык, і ўсе мы бачым, што з гэтага атрымалася. Дзіўнае (а можа і ня надта) супадзеньне ўдзельнікаў цяперашняй дыскусіі з ППРБ.
Думаю, што беларусы ў адказ на гвалтоўную рысыфікацыю апошніх двух стагодзьдзяў змогуць адказаць не аналягічнай беларусыфікацыяй, але нармальнай, узважанай і доўгатэрміновай беларусізацыяй.
Ахвяры, пакладзеныя беларускім народам на алтар незалежнасьці і беларушчыны толькі ў ХХ стагодзьдзі, і памяць пра іх, не даюць нашай краіне ніякага іншага шляху, як шлях нармальнай нацыянальнай дзяржавы. За апошнія 100 гадоў беларускія палітыкі, прафэсары, акадэмікі, настаўнікі, пісьменьнікі і самыя здольныя і таленавітыя сяляне ішлі ў Сыбір і Курапаты цэлымі пакаленьнямі. Пралітая імі кроў, памяць пра гэтыя ахвяры — наймагутнейшы імунітэт народу ад заняпаду і зьнікненьня.
Калі паўстане наша новая квітнеючая радзіма-Беларусь з адзінай дзяржаўнай беларускай мовай і датрыманьнем правоў усіх нацыянальных мяншыняў, вам, спадарства прыхільнікі расейскай мовы і стварэньня на ёй беларускай культуры, спадзяюся, стане сорамна. Прынамсі тым з вас, хто яшчэ захоўвае рэшткі сумленьня.
Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»