Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дзень Герояў у Лондане

27.11.2012 общество
Дзень Герояў у Лондане

У суботу 24 лістапада беларуская грамада ў Вялікабрытаніі адзначыла 92-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну ­ ­— Дзень Герояў.

На святкаванні аднаго з найстарэйшых святаў беларускай эміграцыі ў Беларускім доме ў цэнтральнай частцы Лондана пабываў карэспандэнт "Тут і цяпер".

Лондан паступова апаноўвае традыцыйнае ангельскае надвор'е. Гэта калі дажджыць так, што не бачна ані канца, ані краю. На даволі зацішнай, асабліва ў выходны дзень, вуліцы Пэн-Роад вось ужо 64 гады месціцца легендарны Беларускі дом.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Вялікабрытанія стала адной з тых заходніх дзяржаваў, што адчыніла межы для беларусаў, якія не бачылі будучыні ў краіне Саветаў. Вынікам у канцы 1940-х на Брытанскіх выспах апынулася некалькі тысяч нашых суайчыннікаў ­— у асноўным жаўнераў 2-га польскага корпуса брытанскіх узброеных сіл (армія Андэрса) з сем'ямі. Пазней, праўда, большасць з іх імігравала ў іншыя краіны...

У 1946-м паўстала Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі, што існуе дагэтуль. Трохі болей за два гады спатрэбілася тагачасным беларусам, каб "усім светам", фунт да фунта, сабраць грошы на набыццё нерухомасці. Сёння, калі колькасць беларусаў-мільянераў па ўсім свеце вылічваецца, бадай, тысячамі, уявіць падобнага подзвігу на карысць грамадскай справы амаль немагчыма.

"Беларускі дом у Лондане стаў рэальным увасабленнем магчымасцяў невялікай беларускай дыяспары, сведчаннем яе ахвярнасці, гаспадарлівасці і, урэшце, трываласці", — адзначае аўтарка манументальнага даследавання "Беларусы ў Вялікабрытаніі" гісторык Наталля Гардзіенка. Паводле яе, гэты будынак стаў "першай афіцыйнай уласнасцю беларусаў у Заходнім свеце".

Як і паўстагоддзя назад, сёння тут базуецца Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, якое ад самага пачатку сярод іншага адказнае і за арганізацыю штогадовых ўрачыстасцяў з нагоды двух найбуйнейшых свецкіх святаў нашай эміграцыі — Дня Волі (25 сакавіка) і Дня Герояў (27 лістапада).

Шматгадовая старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Лёля Міхалюк верыць, "што прыйдзе час, калі Дзень Герояў стане афіцыйным святам у Рэспубліцы Беларусь".

27 лістапада 1920-га года на Случчыне пачалося антысавецкае паўстанне — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай Слуцкі збройны чын. Цягам месяца беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя ў асноўным з сялянаў, стрымлівалі наступ бальшавіцкіх войскаў, маючы на мэце прызнанне тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рэктар Беларускай каталіцкай (уніяцкай) місіі ў Лондане і старэйшына беларускай суполкі на Брытанскіх выспах айцец Аляксандр Надсан быў якраз сярод тых, хто займаўся набыццём "першай афіцыйнай уласнасцю беларусаў у Заходнім свеце". Памятае ён і пра самыя першыя святкаванні тут Дня Герояў.

"У гэтым самым будынку, у той самай залі, што і цяпер, з пачатку 1940-х адбываліся ўсе асноўныя беларускія мерапрыемствы. Ушанаванне герояў-случчакоў займала сярод іх адно з цэнтральных месцаў", — распавядае мне айцец Аляксандр. Цікава, што сам ён даведаўся пра Слуцкае паўстанне ад свайго бацькі. Афіцэр яшчэ царскага войска, той браў чынны ўдзел у гераічных падзеях восені 1920-га. "Нават ездзіў на перамовы з палякамі", — дадае Надсан.

"Госпадзе Ісусе Хрысце, Божа наш, — пачынае ўрачыстасць малітвай за спачын герояў святар Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі айцец Сяргей Стасевіч. ­— Ты сказаў: "Няма большае любові, як палажыць душу сваю за сяброў сваіх", і Сам даў прыклад гэтае ўсеахвярнае любові. Просім Цябе, глянь ласкавым вокам Тваім на тую вялікую любоў загінулых герояў, што скрозь па ўсёй Беларусі і далёка за ейнымі межамі ў вядомых і невядомых, памятных і забытых магілах, супачылых бацькоў, братоў, родных і блізкіх, тых, што палі ў баёх, загінулі ў турма ці згібелі на ссылцы ў карных лагерах..."

Як вядома, Слуцкае паўстанне скончылася паразай беларускіх незалежніцкіх сіл. Бальшавікі замардавалі амаль усіх ягоных лідараў. "Аднак адны паразы прыводзяць да дэмаралізацыі, другія — натхняюць. Слуцкі збройны чын стаў надзвычайным прыкладам для многіх пакаленняў беларусаў у даўгім ланцугу змагання за вольную і незалежную Беларусь", — адзначыў у часе гістарычнага экскурсу ў падзеі амаль векавой даўніны прадстаўнік Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Мікола Пачкаеў.

"Усе мы Случчакі ў гэты восеньскі месяц. Жыве Беларусь!» — прамовіла ў традыцыйным пасланні да суродзічаў у цэлым свеце старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

"Саннікаў, Саннікаў", — па шэрагах разносіцца шэпт. Праз імгненне ў залу, сапраўды, уваходзіць былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі і кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў. Зусім нядаўна стала вядома, што апазіцыйны палітык, які прабавіў 16 месяцаў за лукашэнкаўскімі кратамі, атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. Калі гістарычная частка імпрэзы завяршаецца, новаму эмігранту даюць слова. Ён вяртаецца да ўласнай прэзідэнцкай кампаніі ды адзначае, што для яго было важна да выбараў пабываць на Случчыне. "І я гэта зрабіў. Падчас сустрэчы з месцічамі мы ўзгадвалі і Слуцкі збройны чым і ягоных герояў. Слава героям! Жыве Беларусь!" ­— сканчае кароткі выступ Саннікаў, выклікаючы больш-менш дружны выгук у адказ.

Потым быў яшчэ прагляд дакументальнага фільма "Слуцкі збройны чын" (рэжысёр — Уладзімір Халіп), традыцыйнае спяванне гімна беларускай эміграцыі "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" ды цёплая сяброўская размова за хатнім пачастункам.

Магістранта Лонданскай школы эканомікі Алеся Аляхновіча, які прыехаў сюды навучацца з Польшчы, найбольш уразіла прысутнасць сярод удзельнікаў урачыстасці прадстаўнікоў старой, паваеннай хвалі эміграцыі. "У гэтых некалькіх чалавек беларушчына натуральная: духоўна, моўна, культурна. У той жа Польшчы пераважная большасць беларусаў авалодала беларускай мовай ужо ў свядомым узросце..." На думку Алеся, наяўнасць прадстаўнікоў розных узроставых катэгорый ёсць доказам сувязі ды пераемнасці пакаленняў у эміграцыі.

Пакуль гэта так, ёсць спадзеў, як выказалася шматгадовая старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Лёля Міхалюк, "што прыйдзе час, калі Дзень Герояў стане афіцыйным святам у Рэспубліцы Беларусь".

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]