Справаздача Праграмы развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў за гэты год паставіла Беларусь на 65-е месца сярод 187 краінаў свету паводле індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу. АНТОНІЮС БРУК, ПРАГРАМА РАЗВІЦЦЯ ААН: "Індэкс Беларусі вышэйшы, чым у астатніх краінаў СНД. З постсавецкіх дзяржаваў паводле ўзроўню чалавечага развіцця Беларусь апярэджваюць толькі 3 прыбалтыйскія краіны". Паводле ацэнкі Праграмы развіцця ААН, Расея і Украіна займаюць 66-е і 76-е месцы, адпаведна. Але нашыя заходнія суседзі атрымалі значна лепшыя ацэнкі: Польшча і краіны Прыбалтыкі пакінулі беларусаў далёка ззаду. Індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу разлічваецца штогод, каб параўнаць узровень жыцця, пісьменнасці ды доўгажыхарства насельніцтва розных краінаў. Сёлета на першым месцы ў рэйтынгу стаіць Нарвегія, напрыканцы спісу -- краіны Афрыкі. Марцін Ярскі, "Аб'ектыў"