З НІГЕРАМ ПРАЛЁТ, ХУТКА ЛІВІЯ Таварыскі футбольны двубой з камандаю Нігеру, які мы мусілі згуляць у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, не адбыўся з тэхнічных прычынаў. Пачатак сустрэчы некалькі разоў пераносілі, а шматлікія футбольныя он-лайн-сайты ўключылі гэты матч у спіс распачатых, і нават, паводле іх звестак, беларусы вялі ў ліку 2:0. І толькі позна ўвечары з'явілася інфармацыя, што сустрэча так і не адбылася, а каманды на полі проста трэніраваліся -- кожная паасобку. Паводле першага намесніка старшыні нашай федэрацыі Сяргея Сафар'яна, праблема палягала ў арганізацыі: Эміраты не паспелі ўзгадніць з ФІФА ўмовы правядзення матчу на сваёй тэрыторыі. На аўторак у нас запланаваны двубой таксама ў Дубаі, але ўжо супраць каманды Лівіі. Хочацца верыць, што гэтым разам недарэчнасцяў не будзе, але мо папросту трэба выбіраць не такія экзатычныя краіны для месца правядзення і для спарынг-партнёраў?