"Пуцін прыйдзе да ўлады і будзе выціскаць Лукашэнку, як гэта ўмеюць рабіць афіцэры КДБ", -- гаворыць эканаміст Леанід Заіка. Малая папулярнасць Народных сходаў (апошні адбыўся 11 лістапада, у Менску на яго прыйшлі каля 50 чалавек) сведчыць пра тое, што кіраўнік Беларусі наўрад ці будзе ссунуты ў выніку масавых пратэстаў. Дэвальвацыя прывяла людзей у шок, першая рэакцыя на які -- спроба выжыць і трымацца за сваю сям'ю: "Увесь канфлікт сыходзіць на ўзровень хатняй гаспадаркі". Таму ні ўвосень, ні ўвесну шырокіх пратэстаў чакаць не варта, мяркуе эксперт. "Беларусь -- не Польшча і не Грузія. Улада будзе змяняцца праз механізмы наменклатуры. І наменклатура гэта ўжо прадумвае, разглядае", -- гаворыць эксперт. Нельга адмаўляць, што пратэставыя настроі сярод насельніцтва існуюць. Іх можа выкарыстаць наменклатура, і не без дапамогі Крамля, заўважае Леанід Заіка. Ён мяркуе, што Крэмль рыхтуе новую пасаду для Лукашэнкі -- у структурах Еўразійскага саюзу. "На сённяшні дзень Еўразійскі саюз -- гэта апошні шанец Крамля стварыць нейкае больш-менш выразнае ўтварэнне на постсавецкай прасторы". Пасля таго, як на прэзідэнцкіх выбарах у Расеі пераможа Уладзімір Пуцін, ён "будзе выціскаць Лукашэнку, як гэта ўмеюць рабіць афіцэры КДБ", -- мяркуе Леанід Заіка. Паводле суразмоўцы, цалкам мажліва, што пасада ў наднацыянальных органах задаволіць Аляксандра Лукашэнку. Пасля перавароту Беларусь чакае прыватызацыя, да якой расейскі капітал ужо гатовы. belsat.eu