АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ'ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ: «Калі частка ўраду прэтэндуе на тое, каб мець нейкую сваю думку і пазіцыю па сітуацыі ў эканоміцы, важна, каб гэта не выглядала так, што вось яны кажуць пра нейкія рынкавыя рэформы, а іх тут бах -- і не пушчаюць у Еўразвяз... Трэба, каб усё ж такі была логіка і зразумеласць у дзеяннях». Прычынаю магчымага далучэння двух чальцоў ураду і старшыні Памежнага камітэту да чорнага спісу крыніца выдання «EUobserver» называе іхную датычнасць да схемаў асабістага абагачэння Аляксандра Лукашэнкі. Сярод кандыдатаў на еўрапейскія санкцыі ананімны дыпламат назваў таксама буйных бізнесоўцаў: кіраўнікоў кампаніяў «Трайпл», «Амкодор», «Табак-Инвест», «Санта-Импекс Брест», уладальніка сеткі гіпермаркетаў «Корона». Цяпер у спісе 245 асобаў: чыноўнікі, суддзі, пракуроры і загадчыкі дзвюх калоніяў, дзе адбываюць пакаранне палітзняволеныя. Хто трапіў у спіс, не мае магчымасці наведваць краіны Еўразвязу і карыстацца са сваіх актываў у еўрапейскіх банках... АЛЕНА ТАНКАЧОВА, ПРАВААБАРОНЦА: «Калі гэта пацягне за сабою паляпшэнне ў справе правоў чалавека, калі гэта пацягне за сабою зняцце крымінальнага пераследу супраць Алеся Бяляцкага, калі гэта пацягне за сабою і далейшае вызваленне палітзняволеных -- будзем лічыць, што гэтыя захады ёсць эфектыўнымі». Юлія Цяльпук, «Аб'ектыў»