Нярэдка творчыя людзі вымушаныя дадаткова працаваць, каб была магчымасць ствараць. Але паэт Алесь Разанаў на адзін вечар стаў прадаўцом у кнігарні, каб з-за прылаўка паразмаўляць з чытачамі. Імпрэзы, калі пісьменнікі выступаюць у новай для сябе ролі прадаўцоў, сталіся апазнавальным знакам кнігарні "ЛогвінаЎ", што ў сталічнай галерэі "Ў". АЛЕСЬ РАЗАНАЎ, ПАЭТ: «Гэта творчы асяродак, ён разняволены, вольны ад акрэсленых параметраў, абмежаванняў, раскладаў, і таму натуральна, што такія сустрэчы ладзяцца тут». ПАВАЛ КАСЦЮКЕВІЧ, АРТ-ДЫРЭКТАР КНІГАРНІ «ЛОГВІНАЎ»: «Мы вызнаем такую рэлігію, што літаратура -- гэта штосьці, што можна патрымаць у руках. Таму мы прадаем пераважна беларускую літаратуру, то бок аўтараў, якія ходзяць па нашай зямлі ды часам заходзяць у кнігарню «ЛогвінаЎ». Падчас кароткай «працоўнай змены» паэт Алесь Разанаў прэзентаваў чытачам свае новыя выданні: на беларускай і нямецкай мовах, а таксама двухмоўнае беларуска-рускае выданне «З Веліміра Хлебнікава». Наведнікі кнігарні змаглі не толькі паслухаць вершы ды пагаварыць з паэтам, але і прыдбаць кнігу з аўтарскім аўтографам. Такі фармат сустрэчаў ужо стаўся фірмоваю прапановаю кнігарні «ЛогвінаЎ». Першым ідэю прадаваць кнігі рукамі іх стваральнікаў там рэалізаваў пісьменнік і папулярызатар гісторыі Уладзімір Арлоў. Марцін Ярскі, «Аб'ектыў»