«У Беларусі назіраецца агрэсіўнае асяроддзе ў стаўленні да жанчын». Гучную заяву на прэс-канферэнцыі ў Менску зрабіла Людміла Пеціна, сустаршыня Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху, дадаўшы, што такія адносіны «транслююцца зверху». ЛЮДМІЛА ПЕЦІНА, ЖАНОЧЫ НЕЗАЛЕЖНЫ ДЭМАКРАТЫЧНЫ РУХ: «Мне здаецца, што ўжо час узняць пытанні пра ролю першай асобы ў нашай дзяржаве. у кожнай краіне сямейны статус прэзідэнта -- гэта не прыватная справа, а дзяржаўная». Першую ж лэдзі краіны -- афіцыйную жонку прэзідэнта Галіну Лукашэнку, 17 гадоў практычна ізаляваную ад грамадства, -- лідарка жаночага руху назвала «палітычнаю пакутніцаю». Не менш цярпіць, на меркаванне Людмілы Пецінай, і яшчэ адна жанчына: Ірына Абельская -- былая асабістая лекарка прэзідэнта, паводле неафіцыйнай інфармацыі -- маці ягонага малодшага сына, Колі. ЛЮДМІЛА ПЕЦІНА, ЖАНОЧЫ НЕЗАЛЕЖНЫ ДЭМАКРАТЫЧНЫ РУХ: «Лічу, што калі дзіця не жыве са сваёй маці, у гэтым таксама ёсць элемент гвалту. Што гэта за сям'я? Пра якія маральныя сямейныя каштоўнасці можна казаць, калі мы маем такія прыклады?» Вольга Старасціна, "Аб'ектыў"