Сотні беларусаў атрымоўвалі замежныя візы незаконна. Але з сённяшняга дня сітуацыя мае змяніцца. У Польшчы затрымалі злачынную групоўку з 13 чалавек, што рабіла нашым суайчыннікам фальшывыя запрашэнні для візаў. АННА ВУЙЦІК, ПАДЛЯСКІ ПАМЕЖНЫ АДДЗЕЛ: «Мужчыны і жанчыны звярталіся ў мясцовыя ваяводскія адміністрацыі, там дэкларавалі намер запрасіць да сябе замежніка з пакрыццём коштаў ягонага доўгачасовага побыту ў Польшчы. Пазней дакументы траплялі да беларусаў, а тыя з падробленымі дакументамі ішлі ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы Польшчы». За такую карыслівую дапамогу махляры прасілі ад $ 200 да 300. Следчыя маюць пацверджанне прынамсі 500 выпадкаў дэкларацыі такіх запрашэнняў. Усім 13 затрыманым пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ва ўдзеле ў злачыннай групоўцы. Мар'яна Чарняева, «Аб'ектыў»