Мікалай Аўтуховіч зноўку абвесціў галадоўку. 16 лістапада палітвязня змясцілі ў штрафны ізалятар за непадпарадкаванне адміністрацыі. Ваўкавыскі прадпрымальнік па-ранейшаму не падпісвае папераў аб супрацы з кіраўніцтвам Івацэвіцкай калоніі строгага рэжыму, дзе ён адбывае пакаранне нібыта за незаконнае захоўванне пяці патронаў для паляўнічай стрэльбы. Ваўкавыскі прадпрымальнік, якому інкрымінавалі рыхтаванне тэракту, ужо неаднойчы праводзіў галадоўкі пратэсту. Самая доўгатэрміновая -- трохмесячная галадоўка ў 2009 г. -- ледзьве не каштавала яму жыцця. Летась вязень галадоўкаю дамогся аказання яму медычнай дапамогі, указаўшы на праблему тысячаў іншых вязняў, якія пакутуюць без лекара. Раней Аўтуховіч у лісце пісаў, што для адміністрацыі калоніі ён як костка ў горле, бо з ягоным з'яўленнем у папраўчай установе іншыя вязні пачалі дамагацца выканання сваіх правоў і закідваць кіраўніцтва скаргамі на шматлікія парушэнні. Адэля Дубавец, «Аб'ектыў»