«Калі ласка, дапамажыце ўратаваць майго сына ад смяротнага пакарання». Так пачала тэкст петыцыі да ўсіх неабыякавых Любоў Кавалёва, маці аднаго з абвінавачаных у выбуху ў менскім метро. Любоў Кавалёва падкрэслівае, што адзіны аргумент абвінавачання -- гэта прызнанні яе сына і Дзмітрыя Канавалава, дадзеныя імі пад ціскам ды ў выніку катаванняў. Пад петыцыяй ужо падпісаліся больш за 2 тысячы чалавек. Усяго ж маці Уладзіслава Кавалёва плануе сабраць 5 тысяч подпісаў. І гэта цалкам магчыма, улічваючы, што пад падобнаю петыцыяй, што з'явілася ў інтэрнэце на мінулым тыдні, падпісаліся амаль 35 тысячаў чалавек, у тым ліку і шмат іншаземцаў. Ініцыятары маюць намер назбіраць 100 тысяч подпісаў, і на гэта ў іх ёсць яшчэ 7 дзён. Абодва калектыўныя прашэнні можна падпісаць праз інтэрнэт да 30-га лістапада. У апошні дзень восені суд вызначыць Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву канчатковую меру пакарання. Мар'яна Чарняева, «Аб'ектыў»