Буйны пажар, што разгарэўся сёння ў цэнтры Гомлю -- на прадпрыемстве, што выпускае шпалеры, -- адмыслоўцам удалося патушыць толькі больш як праз дзве гадзіны. На шчасце, пацярпелых няма. Узгаранне на прадпрыемстве вырабу шпалераў "Фокс", што на вул. Тэльмана, адбылося прыкладна аб 11-й гадзіне. Паводле папярэдняй інфармацыі, выбухнуў 500-літровы бак з аліваю, якая ў працэсе вытворчасці моцна награваецца. Як вынік, загарэліся два ўчасткі друку вінілавых шпалераў і дах прадпрыемства. Пажар тушылі прынамсі дзесяць адзінак адмысловай тэхнікі. Гэта ўжо не першы пажар на прадпрыемстве "Фокс". Як згадваюць жыхары Гомлю, за апошняе дзесяцігоддзе фабрыка гарэла ўжо прынамсі тройчы. Мар'яна Чарняева, "Аб'ектыў"