Стаць акругамі Расеі -- з такім заклікам да Беларусі ды Украіны звярнула партыя Уладзіміра Жырыноўскага. Ідэю прапісалі ў праекце рэзалюцыі перадвыбарчага з'езду ЛДПР. Паводле дакументу, Расея ўяўляе сабою "дзяржаву-гермарфрадыт " -- не да канца дэмакратычную і не цалкам свабодную. І ўтвораныя ёю формы садружнасці, такія, як СНД, АДКБ, ЕўрАзЭС, выглядаюць аналагічна. УЛАДЗІМІР ЖЫРЫНОЎСКІ, ВІЦЭ-СПІКЕР ДЗЯРЖДУМЫ РАСЕІ, ЛІДАР ЛДПР: «Спроба развіваць СНД, у ім АДКБ і далей ЕўрАзЭС, Мытны саюз, асобна саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі, -- гэты кактэйль не будзе мець станоўчых вынікаў». Ліберал-дэмакраты Жырыноўскага мяркуюць, што Беларусь магла б пераўтварыцца ў Менскую 9 федэральную акругу, Украіна -- у 2: Кіеўскую і Адэскую. Падобныя ж прапановы чальцы ЛДПР сфармулявалі і для іншых краінаў-чальцоў СНД. Рэакцыі на новую ініцыятыву партыі Жырыноўскага ад афіцыйнага Менску не было. Вольга Саўле, "Аб'ектыў "