Паліва ізноў падаражэе, і здарыцца гэта ўжо заўтра. Пра гэта паведамляе інфармацыйная агенцыя "БелаПАН" са спасылкаю на ананімныя крыніцы ў нафтахімічнай галіне. Кошты ўздымуцца ў сярэднім на 3 %. Згодна з новымі коштамі, за літр А-92 давядзецца плаціць 4590 рублёў. Кошт 95-га бензіну складзе 4950, а дызельнага паліва -- 4860. У канцэрне «Белнафтахім» інфармацыю аб падаражанні зняпраўджваюць. Аднак выпадкі нечаканага падвышэння цэнаў былі і раней. З пачатку года нафтапрадукты даражэлі ўжо 6 разоў. За 3 месяцы вясны кошты ў сярэднім павялічыліся ад 5 да 20 % . Самае вялікае падаражанне -- на 30 % -- адбылося ў чэрвені . Пасля чаго на патрабаванне кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі цэны ўсё ж знізілі на 13--22 %, што сталася своеасабліваю рэакцыяй на масавую акцыю пратэсту, зарганізаваную аўтааматарамі напярэдадні ў Менску. Тым не менш, пасля гэтага кошты падымаліся ўжо двойчы. Вольга Саўле, «Аб'ектыў»