Транзіт расейскага газу па Беларусі скарачаецца. Без папярэджання і афіцыйных тлумачэнняў яшчэ ў суботу «Газпром» зменшыў пастаўкі блакітнага паліва ў Нямеччыну па газаправодзе Ямал--Еўропа, што праходзіць па тэрыторыі нашай краіны. Адначасова павялічаныя пастаўкі праз газаправод «Nordstream». Паводле Агенцтва газавай інфармацыі, пачынаючы з суботы пастаўкі газу па газаправодзе Ямал--Еўропа скараціліся на 600 тыс. кубаметраў на гадзіну. Цяпер транзіт праз Беларусь складае 2,2 млн кубаметраў на гадзіну замест ранейшых 2,8 млн. У той жа час пастаўкі газу па «Паўночнай плыні» павялічыліся на 250 тыс. кубаметраў на гадзіну. Пакуль «Газпром» сітуацыі не каментуе. Раней расейскія ўлады абяцалі не скарачаць паставак па газаправодзе Ямал--Еўропа, нягледзячы на запуск лініі «Nordstream». Мар'яна Чарняева, «Аб'ектыў»