Адразу тры беларусы ўвайшлі ў Кіроўны камітэт Форуму грамадзянскай супольнасці "Усходняга партнёрства". Паводле вынікаў галасавання ў трэці, апошні дзень сустрэчы ў польскай Познані кіраўнікамі тэматычных групаў былі абраныя Вольга Стужынская і Яраслаў Бекеш. Сяргей Лісічонак стаў нацыянальным каардынатарам форуму ў справах Беларусі. Такога шырокага прадстаўніцтва ў гэтай структуры беларусы яшчэ не мелі. СЯРГЕЙ ЛІСІЧОНАК, НАЦЫЯНАЛЬНЫ КААРДЫНАТАР ФОРУМУ: "Перад беларусамі, якія трапілі ў Кіроўны камітэт, як і перад самім камітэтам, стаяць адныя і тыя ж задачы: як актывізаваць працу нацыянальных платформаў Форуму грамадзянскай супольнасці ў кожнай з краінаў-партнёраў. З важных палітычных задачаў, задачаў публічнай палітыкі: выпрацаваць шэраг рэкамендацыяў, каб Еўрапейскі Звяз, праграма "Усходняга партнёрства" маглі працягнуць далучэнне Беларусі ў працэсы еўрапейскай інтэграцыі, пашырэння кантактаў з Еўразвязам. Бо ў святле цяперашніх геапалітычных тэндэнцыяў, калі Беларусь пачала дрэйфаваць у Еўразійскі саюз, нам неабходна крыху збалансаваць гэты тэмп". Аліна Радачынская, "Аб'ектыў"