Трагедыя на Берасцейшчыне. Сёння стала вядома, што напярэдадні ўвечары пад Пружанамі разбіўся верталёт Мі-24. Загінулі ўсе тры чальцы экіпажу. Прычыны аварыі высвятляюцца. Верталёт 181-й баявой верталётнай базы BПC і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных сілаў Беларусі разбіўся, ідучы на пасадку. Трагедыя адбылася за пятнаццаць хвілінаў да восьмай вечара непадалёк ад аэрадрому "Пружаны". Усе тры асобы, што былі на борце верталёта (а гэта камандзір экіпажу маёр Алег Кахно, бартавы тэхнік капітан Валерый Бабко і лётчык Дзяніс Глушчанка), загінулі на месцы. Згодна з папярэдняю версіяй, прычынаю аварыі магла стацца тэхнічная няспраўнасць або памылка пілота ва ўмовах моцнага туману. Паводле факту катастрофы распачалі крымінальную справу. Мар'яна Чарняева, "Аб'ектыў"