Судовае паседжанне ў справе паплечніка Алеся Бяляцкага -- праваабаронцы Валянціна Стэфановіча -- скончылася абвяшчэннем перапынку да 16 снежня. Прадстаўнікі падатковай інспекцыі папрасілі дадатковага часу на разгляд дакументаў. Але ўжо сёння падаткоўцы павялічылі суму, якую збіраюцца спагнаць з праваабаронцы, з ранейшага 31 млн руб. да 43 млн. Cам жа Валянцін Стэфановіч перакананы, што справаю праваабаронцаў цэнтру "Вясна" займаецца не толькі падатковая інспекцыя. ВАЛЯНЦІН СТЭФАНОВІЧ, ПРАВААБАРОНЦА: "Абсалютна выразна відаць, што распрацоўкі адносна Бяляцкага і мяне вёў КДБ. Гэта і правядзенне праверак супольных КДБ і падатковых огранаў у дачыненні мяне і маёй сям'і. І нарады пракуратуры ў дачыненні мяне. Мне была падрыхтаваная іншая доля ў гэтай аперацыі -- я мусіў сядзець за кратамі ў клетцы, як і Алесь Бяляцкі. Але з пэўных тэхнічных прычынаў гэта не атрымалася". А гэтая прычына -- недастатковая дзеля завядзення крымінальнай справы колькасць грошай на замежным рахунку Валянціна Стэфановіча. Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, як і Алеся Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна". На мінулым тыдні яго асудзілі на чатыры з паловаю гады зняволення. Між іншым, сёння сваё меркаванне наконт суда над Бяляцкім упершыню агучыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт палічыў вырак Бяляцкаму... гуманным. Ды дадаў, што справу кіраўніка "Вясны" асабіста ён не разглядаў, але не выключыў, што разгледзіць яе, калі атрымае адпаведны зварот. Мар'яна Чарняева, "Аб'ектыў"