Каля шасцідзесяці прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ўзялі ўдзел у працы Паралельнай канферэнцыі АБСЕ ў Вільні. Беларускі бок рэпрэзентавалі праваабаронцы цэнтру "Вясна", Беларуская асацыяцыя журналістаў ды іншыя грамадскія арганізацыі. Адно з цэнтральных пытанняў -- сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне. ДУНЯ МІЯТАВІЧ, АФІЦЫЙНАЯ ПРАДСТАЎНІЦА АБСЕ: "Я вельмі пільна адсочваю сітуацыю ў Беларусі, але, на жаль, не магу сказаць, што яна палепшылася. Я ведаю, што сітуацыя, гэтак бы мовіць, далёка не ружовая. Людзей дасюль запалохваюць, ёсць некалькі выпадкаў, з-за якіх мой офіс выказваў заклапочанасць". Адна з галоўных задачаў Паралельнай канферэнцыі АБСЕ ў кантэксце нашай краіны -- распрацаваць шэраг рэкамендацыяў для супрацы з Беларуссю. ГАННА ГЕРАСІМАВА, ДЫРЭКТАРКА ДОМУ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА, ВІЛЬНЯ: "Сёлета Паралельная канферэнцыя прысвечаная Беларусі ды балтыйскім краінам, але ўсё ж такі ў Беларусі праблемы з правамі чалавека больш сур'ёзныя, чым у балтыйскіх краінах". Сённяшнія рэкамендацыі перададуць міністру замежных справаў Літвы Аўдронюсу Ажубалісу, які ўжо заўтра будзе сустракацца з адзіным ўязным у Еўропу беларускім топ-чыноўнікам -- Сяргеем Мартынавым. Акрамя таго, на заўтра ж запланаваная сустрэча прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці з дзяржсакратаром ЗША Гілары Клінтан ды прадстаўніцай Еўразвязу Кэтрын Эштан. Аркадзь Несцярэнка, "Аб'ектыў"