Сёння ўначы, на 57-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы пайшла з жыцця вядомая беларуская палітолаг Ірына Бугрова. Сябры і паплечнікі ведалі ды назаўсёды запомняць спадарыню Ірыну як выдатнага чалавека і навукоўцу. Развітанне з Ірынаю Бугровай пачнецца ў пятніцу, а 12:00 у сталічнай зале развітанняў на вуліцы Альшэўскага 12. Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры паліталогіі ды сацыялогіі Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы БДУ, сваёй працаю Ірына Бугрова дапамагала зразумець беларусам, што насамрэч адбываецца ў іхнай краіне і якія могуць быць шляхі выхаду са складанай сітуацыі. Сярод ейнай навуковай спадчыны трэба адзначыць унікальную кнігу "Палітычная культура Беларусі ад Вялікага княства Літоўскага да рэжыму Лукашэнкі", выдадзеную ў суаўтарстве працу "Дзяржава і грамадзянская супольнасць", а таксама шэраг навучальных дапаможнікаў і артыкулаў па паліталогіі. Немалую частку сваёй дзейнасці яна прысвяціла падтрыманню грамадзянскай супольнасці. На сваім навуковым шляху Ірына Бугрова была цесна звязаная з выбітным беларускім палітолагам Святланаю Навумавай, якая сёлета пайшла з жыцця. Ян Бабіцкі, "Аб'ектыў"