Гэтак незвычайна выглядаў сённяшні візіт праваабаронцаў у Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі. У цяжкіх скрынях -- дзясяткі тысяч просьбаў: не забіваць ад імя закону. ГІЗЭР МАКГІЛ, ЭКСПЕРТ-ДАСЛЕДЧЫК, «МІЖНАРОДНАЯ АМНІСТЫЯ»: "Удзельнічала шмат людзей. Мы сабралі больш як 160 000 подпісаў з трыццаці краінаў за мараторый". Чарговую ініцыятыву супраць смяротнага пакарання правялі беларускія праваабаронцы супольна з арганізацыяй "Міжнародная амністыя". АЛЕГ ГУЛАК, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНКСКІ КАМІТЭТ: "Я не ведаю, наколькі кіраўніцтва краіны гатовае прыслухацца да гэтых зваротаў, але ёсць грамадская думка, пазіцыя людзей у Беларусі ды за яе межамі". Як выявілася пазней, прыслухацца да голасу людзей у Адміністрацыі прэзідэнта не пажадалі. Подпісаў не прынялі. Цяпер праваабаронцы будуць дасылаць іх поштаю. Зрэшты, падобная сітуацыя -- не ўпершыню за апошні час. Гэтак, некалькі дзён таму шматдзетная маці ды праваабаронца Тацяна Гацура вырашыла занесці прэзідэнту прашэнне аб памілаванні асуджаных на смерць за тэракт Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. А перад тым яна разам са сваімі сынамі зладзіла вось такі мірны сямейны пікет. І менавіта за гэта цяжарную жанчыну сёння затрымалі міліцыянты і гвалтам завезлі ў пастарунак. ТАЦЦЯНА ГАЦУРА, УДЗЕЛЬНІЦА ПІКЕТУ: "Я сказала, што сама не пайду. Тады яны ўзялі, занеслі мяне ў аўтамабіль і павезлі ў Цэнтральны РУУС". Пасля быў суд. За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі маці трох дзяцей заплаціць штраф 700 000 руб. Аднак Таццяна ні пра што не <b>...</b>