"Еўранэст" стартаваў без удзелу Беларусі. Першае двухдзённае паседжанне Парламенцкай асамблеі распачалося сёння ў Страсбуры. У сесіі бяруць удзел шэсцьдзесят дэпутатаў Еўрапарламенту і па дзесяць прадстаўнікоў краінаў-удзельніц праграмы Еўразвязу "Усходняе партнёрства". Менавіта з-за "беларускага пытання" праца "Еўранэсту" адклалася больш як на год. У Еўразвязе разважалі над варыянтамі ўдзелу ў працы арганізацыі нароўні прадстаўнікоў афіцыйнага Менску і апазіцыі. Катэгарычна супраць гэтага выступілі ўлады Беларусі. Але кропку паставілі падзеі дзевятнаццатага снежня. Фальсіфікацыя прэзідэнцкіх выбараў, пераслед апазіцыі ды палітзняволеныя. Цяпер, паводле старшыні Еўрапарламенту Ежы Бузэка, вярнуць сабе права ўдзелу ў "Еўранесце" нашая краіна можа толькі пасля свабодных і справядлівых выбараў. Беларускі бок, у сваю чаргу, лічыць запуск асамблеі ў няпоўным фармаце нелегітымным. На гэтым пленарным паседжанні Беларусь можа стацца асобным пунктам парадку дня, разглядаецца магчымасць прыняцця рэзалюцыі ў справе нашай краіны. Вольга Кляўчэня, "Аб'ектыў"