Генпракуроры Саюзу Незалежных Дзяржаваў хочуць кантраляваць інтэрнэт. Прынамсі, некаторыя з іх казалі пра гэта ў Менску падчас паседжання Каардынацыйнай рады генпракурораў краінаў СНД. Асхат Даўлбаеў падзяліўся досведам Казахстану, дзе ўжо закрылі дзясяткі сайтаў. Ягоны беларускі калега Рыгор Васілевіч прапанаваў вывесці ініцыятыву больш шчыльнага кантролю сеціва на ўзровень Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. РЫГОР ВАСІЛЕВІЧ, ГЕНПРАКУРОР БЕЛАРУСІ: "Практыка публікацыяў у інтэрнэце рознага роду артыкулаў абражальнага, паклёпніцкага характару, рознага віду інсінуацыяў, тым больш падбухторвання да парушэння заканадаўства -- усё гэта абумоўлівае неабходнасць рыхтаваць адпаведны міжнародны дакумент, дамову, якая б упарадкавала карыстанне інтэрнэтам". Раней пра падобныя планы заяўлялі на саміце Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, чальцы якой хочуць распачаць кантроль сацыяльных сетак, каб не дапусціць рэвалюцыяў паводле арабскага сцэнару. Напярэдадні расейская газета «Известия» са спасылкаю на крыніцу ў АДКБ паведаміла, што над гэтаю задачаю ўжо працуюць «эксперты высокага ўзроўню». Вольга Старасціна, "Аб'ектыў"