Чарговыя тры адсоткі! Сёння "Белнафтахім" павысіў цэны на паліва. Гэта ўжо сёмае падаражанне з пачатку года. Як тлумачаць у канцэрне, на мэце -- паэтапнае ўраўноўванне коштаў у краінах Мытнага саюзу. У выніку ад сёння бензін "Нармаль-80" каштуе 4380 рублёў. АІ-92 -- 4590. АІ-95 -- 4950. Дызельнае паліва -- 4860 рублёў. Папярэднія падаражанні неаднойчы выклікалі стыхійныя акцыі пратэсту, але гэтым разам актывісты руху аўтааматараў адзначаюць адсутнасць пратэставых настрояў. Пацвердзілі гэта і апытаныя намі кіроўцы. КІРОЎЦЫ: "Нават калі яшчэ больш цэны ўгару пойдуць, то як ездзілі, гэтак і будзем ездзіць, можа, трохі менш". "Ну а як яно можа не павышацца, мы што, касмічныя караблі прадаем на Захад? Што мы прадаем? Мы нічога не прадаем. Таму будзе павышацца". "А што тут здзіўляцца, заўтра яшчэ можа быць павышэнне. Мяне нічога не здзіўляе". Ці чакаць наступнага падаражання, у канцэрне "Белнафтахім" не паведамляюць, хаця і адзначаюць, што цэны на нафтапрадукты ў Беларусі застаюцца ніжэйшыя за расейскія на 2--4 %. Вольга Кляўчэня, "Аб'ектыў"