І яшчэ адзін эканамічны псеўдарэкорд. Ужо дванаццаты раз ад пачатку года ўгару пайшла стаўка рэфінансавання. Ад сёння яна складае 45 %. Нацбанк тлумачыць гэты крок традыцыйна -- імкненнем абмежаваць інфляцыю ды стабілізаваць эканамічную сітуацыю ў краіне. Ад стаўкі рэфінансавання наўпрост залежаць стаўкі крэдытаў насельніцтву. Гэтак, у студзені крэдыты выдаваліся ў сярэднім пад 17 % гадавых, у лістападзе ж стаўкі даходзілі ўжо нават да 55 %. Частая змена стаўкі рэфінансавання прывяла да таго, што некаторыя банкі прыпынілі выдаванне крэдытаў насельніцтву або абмежавалі прапанову. Днямі ж кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова на прэсавай канферэнцыі запэўнівала, што ўжо ў другой палове студзеня варта чакаць паніжэння стаўкі рэфінансавання. Аднак незалежныя эканамісты гэткага аптымізму не падзяляюць, бо пакуль будзе расці інфляцыя, павышацца будзе і стаўка рэфінансавання. Вольга Кляўчэня, "Аб'ектыў"