На 15 ці нават 20 % падаражаюць аўтамабілі ў дылераў. Прычына -- змены ў падатковым заканадаўстве. Ад Новага года юрыдычныя асобы страчваюць права на льготнае налічэнне падатку на дададзеную вартасць пры ўвозе іншамарак. ПДВ будзе налічвацца, як у Расеі. Пакуль у Беларусі падаткам на дададзеную вартасць абкладаецца толькі розніца паміж коштам рэалізацыі ды коштам набыцця аўтамабіля. З 1 студзеня ПДВ будзе налічвацца з поўнага кошту іншамаркі. Ільгота гэтая надалей будзе дзеяць для фізічных асобаў, што дазволіць захаваць цікаўнасць аўтадылераў да развіцця схемы трэйд-ін, набыцця патрыманага аўта ў залік новага, разлічваюць ва ўрадзе. Патаннець аўтамабілі, хоць і нязначна, могуць у сярэдзіне наступнага года. Калі Расея ўвойдзе ў склад Сусветнай гандлёвай арганізацыі, будзе скарэктаваны адзіны тарыф у Мытным саюзе і мыта на новыя аўтамабілі зменшаць на 5 %. Вольга Кляўчэня, "Аб'ектыў"