І яшчэ адна фінансавая захада ад Нацыянальнага банку адаб'ецца на нашых кішэнях. З сённяшняга дня стаўка рэфінансавання складае ўжо 30 %. Падвышэнне сталася ўжо дзевятым цягам года. Першы раз сёлета Нацбанк падвысіў стаўку рэфінансавання з 10,5 % да 12 % у сакавіку, а ўжо ў чэрвені яна сягнула найвышэйшых у Еўропе 16 %. Аднак пасля гэтага рэкорд быў пабіты ўжо некалькі разоў. На думку эканамістаў, і цяперашнія 30 % -- не мяжа: стаўка рэфінансавання мае быць большая за рост інфляцыі. Апошняя ж, паводле афіцыйных звестак, склала па выніках няпоўных 9 месяцаў года амаль 60 %. Ад велічыні стаўкі рэфінансавання залежаць прыбыткі па дэпазітах, якія зараз складаюць да 45 %. Чакаецца, што банкі падымуць і адсоткі па крэдытах, асобныя з якіх ужо цяпер сягаюць 75 % гадавых. Вольга Старасціна, "Аб'ектыў"