Прысуд, вынесены Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, зноў востра паставіў пытанне аб мэтазгоднасці смяротнага пакарання ў Беларусі. Немагчыма забіраць жыццё, бо гэта найвялікшая каштоўнасць, дадзеная Богам, -- кажуць святары. Аднак у пытанні смяротнай кары Праваслаўная царква пазбягае адназначных ацэнак. "Царква не мусіць катэгарычна патрабаваць адмены смяротнага пакарання -- тым больш у грамадстве, якое ў сваёй большасці гэтак рашуча на ім настойвае. Аднак царква імкнецца аказаць пастарскі ўплыў на фармаванне ў сваіх дзяцей пачуцця сацыяльнай адказнасці ды судовай адплаты без ідэі забойства", -- сцвярджаецца ў тлумачэнні Менскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Беларуская праваслаўная царква патлумачыла сваю пазіцыю на афіцыйным сайце. Паводле заявы, хрысціянскае стаўленне да пакарання смерцю не адназначнае, і нягледзячы на тое, што прыярытэт аддаецца скасаванню гэтай меры, адмяняць смяротнае пакаранне можна будзе тады, калі грамадства ўсвядоміць патрэбу духоўна-маральнага ўдасканалення. Між тым пазіцыя беларускага Касцёлу акрэсленая нашмат больш дакладна. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нядаўна звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Ён падкрэсліў, што гэтага просіць Каталіцкі касцёл разам з Папам Рымскім і біскупамі па ўсім свеце. Адэля Дубавец, "Аб'ектыў"