Беларусі пакуль не вернуць статусу адмыслова запрошанай у Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. Як падкрэслілі ўдзельнікі паседжання палітычнага камітэту ПАРЕ ў Страсбуры, афіцыйны Менск самастойна і свядома паварочваецца спінаю да Еўропы і яе каштоўнасцяў. Перадусім палітычны камітэт ПАРЕ занепакоены пагаршэннем сітуацыі з правамі ды свабодамі чалавека ў Беларусі. А таму, мяркуюць у Еўразвязе, санкцыі, уведзеныя супраць афіцыйнага Менску, мусяць не толькі заставацца, але і ўзмацняцца. Нязменнымі ўмовамі ПАРЕ застаюцца вызваленне палітычных вязняў, спыненне пераследу дэмакратычнае апазіцыі, незалежных медыяў ды праваабаронцаў. Асобным пунктам акрэсліваецца сітуацыя са смяротным пакараннем у нашай краіне. Парламенцкая асамблея Рады Еўропы не лічыць магчымымі кантакты з уладамі Беларусі на высокім ўзроўні да моманту, пакуль не будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі -- адзінай краіне Еўропы, дзе выконваюцца гэткія прысуды. Сяргей Падсасонны, "Аб'ектыў"