Лукашэнка саступіў Назарбаеву. Старшынёўства ў АДКБ ад Беларусі сёння перайшло да Казахстану. У расейскай сталіцы завершыўся двухдзённы саміт кіраўнікоў трох краінаў. У Маскве прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка, Дзмітрый Мядзведзеў і Нурсултан Назарбаеў таксама паставілі свае подпісы пад пагадненнем аб стварэнні Еўразійскай эканамічнай камісіі. Новаствораная структура сталася першым наднацыянальным органам у межах стварэння Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расеі ды Казахстану. Кіраўніком ЕЭК прызначаны расейскі міністр прамысловасці ды гандлю Віктар Хрысценка. З беларускага боку у склад камісіі ўвайшоў былы прэм'ер Сяргей Сідорскі. Амбітны крамлёўскі праект стварэння Адзінай эканамічнай прасторы фармальна стартуе з 1 студзеня. Ён прадугледжвае шчыльнае збліжэнне эканомік трох краінаў. Віцэ-прэм'ер Сяргей Румас сёння у Маскве заявіў, што вяршыняй інтэграцыі будзе ўвядзенне ў Беларусі расейскага рубля, але дадаў, што пакуль гэтае пытанне не абмяркоўваецца. Аркадзь Несцярэнка, «Аб'ектыў»