Тым часам улады Беларусі рыхтуюцца да наступнай выбарчай кампаніі -- у Палату прадстаўнікоў. Галасаванне мае адбыцца налета ў верасні. Пра гэта заявіла сёння старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Чыноўніца, якая, дарэчы, таксама ёсць у спісе неўязных у ЗША ды краіны Еўразвязу, усцяж не бачыць неабходнасці ў змяненні заканадаўчай ці тэхнічнай базы выбарчага працэсу. ЛІДЗІЯ ЯРМОШЫНА, СТАРШЫНЯ ЦЭНТРВЫБАРКАМУ: "Няма ніводнага тэхнічнага сродку, які б мог даць поўную гарантыю, што выбары будуць сумленныя. Такую гарантыю можа даць толькі сумленнасць выбарчых камісіяў. Я веру ў патэнцыял выбарчых камісіяў Рэспублікі Беларусь". Паводле заканадаўства, выбары маюць адбыцца не пазней за 25 верасня. Меркаваны пачатак кампаніі -- чэрвень. Апазіцыйныя партыі ды рухі яшчэ не прынялі рашэння што да фармату ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. У прыватнасці, разглядаецца байкот. У складзе цяперашняга склікання дэпутаты Палаты прадстаўнікоў рэпрэзентуюць толькі праўрадавыя структуры ды арганізацыі. Алесь Залеўскі, "Аб'ектыў"