Акцыю падтрымання ўкраінскіх дзяўчат з руху "Femen" сёння супольна правялі лідар кампаніі "Гавары праўду!" і былыя палітвязні. Актывісты прынеслі белыя і чырвоныя ружы ў амбасаду Украіны ў Менску. СЯРГЕЙ КАЗАКОЎ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ: "Я са свайго боку хачу папрасіць прабачэння перад гэтымі дзяўчатамі за дзеянні нашых сілавікоў. Дзяўчаты -- гераіні, малайцы. Я іх вельмі паважаю, і мне сорамна за тое, як з імі абышліся тут, у нашай краіне. Таму я прашу ў іх прабачэння за гэтых людзей". Але ў амбасадзе не знайшлося ўпаўнаважаных, каб прыняць кветкі. Да актывістаў ніхто так і не выйшаў. Тым часам прадстаўнікі праварадыкальнай арганізацыі "Русское национальное единство" выступілі з заяваю, што не мелі дачынення да выкрадання актывістак руху "Femen". Дзяўчаты пасля свайго вызвалення казалі, што менавіта дзеячамі РНЕ назваліся людзі, якія захапілі актывістак і здзекаваліся з іх. У РНЕ ўсю сітуацыю назвалі "найгрубейшаю правакацыяй", мэту і характар якой у найбліжэйшы час высветляць. Дакладна такую фармулёўку ў сваёй заяве з нагоды інцыдэнту раней ужыў старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў. Вольга Кляўчэня, "Аб'ектыў"