Поўная лухта, хлусня і крывадушнасць. Гэтак акрэсліла буйная польская газета «Rzeczpospolita» словы Аляксандра Лукашэнкі пра так званую беларускую частку Катыньскага спісу. Падчас прэс-канферэнцыі, што адбылася ў пятніцу, прагучала пытанне пра палонных жаўнераў Польскага войска, якія ўтрымліваліся за кратамі ў Беларусі ў 1940 г., а пасля бясследна зніклі. У адказ Аляксандр Лукашэнка абверг магчымасць таго, што вязні былі забітыя на тэрыторыі нашай краіны. Рэакцыя на гэтыя словы з'явілася ў адной з галоўных польскіх газетаў -- «Rzeczpospolita». У артыкуле «Менск хлусіць пра Катынь» гісторык Збігнеў Семашка сцвярджае, што ёсць дакументальнае пацверджанне гібелі палякаў у Беларусі. У сваю чаргу прафесар гісторыі Войцех Матэрскі заўважае: ВОЙЦЕХ МАТЭРСКІ, ПРАФЕСАР ГІСТОРЫІ: «Лукашэнка выкарыстоўвае трагедыю палякаў у сваіх адносінах з Масквою. Калі адносіны з Масквою пагаршаюцца, ён намякае, што дасць Польшчы спіс загінулых. А калі адносіны наладжваюцца, ён сцвярджае, што ніякага спісу няма». Гаворка ідзе пра так званую апошнюю таямніцу Катыні. Гэта спіс з 3700 палонных жаўнераў Польскага войска, якіх НКВД трымаў у Беларусі. Дагэтуль іхныя імёны і месца пахавання не вядомыя... Мар'яна Чарняева, «Аб'ектыў»