10 хвілінаў. Менавіта столькі далІ Алесю Бяляцкаму на апошнюю сустрэчу з бацькам. На пахаванні праваабаронцу прысутнічаць не дазволілі, але сёння зранку пад аховаю адвезлі ў морг. З жодзінскай калоніі ў менскі морг Алеся Бяляцкага прывезлі пад канвоем а 8-й раніцы. Дзесяць хвілінаў дазволілі пабыць з бацькам у прысутнасці аховы, яшчэ пятнаццаць -- з іншымі сваякамі. Да апошняга моманту не было вядома, ці гэтая сустрэча ўвогуле адбудзецца. На ранейшыя просьбы сваякоў Алеся Бяляцкага адпусціць вязня на сустрэчу з тады яшчэ жывым бацькам, а потым на пахаванне паслядоўна адказвалі адмоваю, бо заканадаўча гэтая сітуацыя неўрэгуляваная. У лістападзе Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года зняволення паводле абвінавачання ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Цяпер палітвязень чакае на разгляд касацыйнай скаргі. Тым часам праваабаронцы сабралі больш за палову сумы, неабходнай, каб пакрыць шкоду, нібыта нанесеную Бяляцкім дзяржаве. Вольга Кляўчэня, "Аб'ектыў"