Урад усталяваў новыя квоты на выраб алкагольнай прадукцыі. Разлічваюцца яны ад колькасці спажыванага алкаголю ў краіне. Пры гэтым улічваецца і праграма папярэджання і пераадолення п'янства і алкагалізму. Што адметна, істотна скарачаюцца квоты на таннае віно, але агулам у 2012-м вып'ем нашмат болей, чым летась. Сёлета гэтак званых чарнілаў вырабяць у 7,4 разу менш, чым у 2011-м. Затое выраб моцнага алкаголю вырасце больш як на 7 %. Значна павялічылі квоту на дарагія алкагольныя напоі, такія, як каньяк (на 23,4 %), віскі (41,7 %), рому (у 5 разоў). Увогуле ж вытворчасць этылавага спірту вырасце ў параўнанні з мінулым годам на 5,2 %. Летась квоты на вытворчасць алкагольнай прадукцыі ў краіне карэктаваліся двойчы. Па выніках 2011-га ў Беларусі ўжыванне алкаголю на аднаго жыхара склала 12 літраў за год, тады як паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя пры ўжыванні 8 літраў алкаголю на душу насельніцтва пачынаецца дэградацыя нацыі. Сяргей Скулавец, «Аб'ектыў»