А тым часам Расея плануе бараніць Беларусь. Праўда, не ад ЗША, а ад бліжэйшага заходняга суседа. У інтэрнэт трапіў цікавы дакумент, падрыхтаваны ў Расейскім міністэрстве абароны. Паводле яго, Польшча мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Заходнюю Беларусь. Справаздача "Пагрозы ваеннай бяспецы Расейскай Федэрацыі", нядаўна падрыхтаваная генералам Мікалаем Макаравым, цяпер даступная на старонцы Грамадскай палаты. Заходнія часткі Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцяў пазначаныя ў схеме "Пагрозы ваеннай бяспецы Расейскай Федэрацыі". Такія ацэнкі расейскіх стратэгаў супярэчаць Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, у якой выразна напісана, што Беларусь не мае тэрытарыяльных спрэчак, што таксама дублюецца і ваеннаю дактрынаю нашай краіны. Праўда, у кастрычніку з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі прагучалі сцверджанні аб нібыта жаданні Польшчы атрымаць частку беларускіх зямель. Аднак міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі зняпраўдзіў закіды і заявіў, што Варшава -- цытуем -- "ніколі не ставіла пад сумнеў непарушнасць польска-беларускай мяжы". Кірыл Смяглікаў, "Аб'ектыў"