Гэта будзе халасты стрэл! Так адрэагаваў старшыня Федэрацыі хакею Беларусі Яўген Ворсін на заклік Злучаных Штатаў адмяніць правядзенне ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 г. У інтэрв'ю агенцтву "Інтэрфакс-Захад" Ворсін заявіў, што Міжнародная федэрацыя хакею не разглядае такога варыянту: "Мы разумеем, што калі нейкая небяспека існуе, то яе трэба лакалізаваць, і мы робім усё, каб краіна мела станоўчы імідж у міжнароднай супольнасці. Вы і цяпер бачыце, колькі падзеяў адбываецца ў свеце, -- у той жа Амерыцы. Але нікому і ў галаву не прыходзіць, каб з дапамогаю спартовых імпрэзаў аказваць ціск на нейкія краіны". Заклік да Міжнароднай федэрацыі хакею не праводзіць сусветнага першынства па хакеі ў Менску ўтрымліваецца ў новай рэдакцыі "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі", ухваленай Кангрэсам ЗША ды падпісанай напярэдадні прэзідэнтам Оўбамам. Сяргей Скулавец, "Аб'ектыў"