"Чысткі" на прадпрыемстве здабывання каменю "Граніт" могуць працягнуцца. Канстанцін Сумар запатрабаваў адстаўкі генеральнага дырэктара прадпрыемства Сцяпана Тураўца. Як паведамляе радыё "Свабода", загад кіраўніка Берасцейскай абласной адміністрацыі прагучаў на ранішняй нарадзе прадпрыемства. Нагадаю, напярэдадні стала вядома пра адстаўку старшыні праўрадавай прафсаюзнай арганізацыі Мікалая Якубовіча і звальненне начальніцы аддзелу працы і заработнай платы Наталлі Малевіч. Напрыканцы снежня больш за 200 рабочых "Граніту" на знак пратэсту супраць нізкага заробку выйшлі з прафсаюзнай арганізацыі ФПБ і вырашылі стварыць Незалежны прафсаюз гарнякоў. Цяпер рабочыя намагаюцца афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю ў Лунінецкім райвыканкаме. У сваю чаргу кіраўніцтва прадпрыемства выступіла супраць гэтай ініцыятывы. Паводле рабочых "Граніту", на людзей аказваецца ціск, іх абвінавачваюць у імкненні дэстабілізаваць сітуацыю. Адміністрацыя прадпрыемства пагражае працоўным не працягнуць кантракту або звольніць з працы іхных родных і блізкіх. Сяргей Скулавец, "Аб'ектыў"