Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы скарыстаўся нагодаю святаў, каб звярнуцца да ўладаў. У калядным інтэрв'ю тэлеканалу "Россия" Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заклікаў Крэмль прыслухоўвацца да людзей, якія выказваюць пратэст. У той жа час ён адзначыў, што чалавек, які патрабуе праўды ад іншых, мусіць быць праўдзівы і з самім сабою. Царква ў дыялогу "ўлада--апазіцыя" не займае нічыйго боку, бо парафіяне ёсць і там, і там, зазначыў Патрыярх. КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ РПЦ: "Задача палягае на тым, каб пратэсты, слушным чынам выказаныя, прывялі да карэкцыі палітычнага курсу. Гэта самае галоўнае. Калі ўлада застаецца неадчувальная да выказвання пратэстаў, гэта вельмі дрэнная прыкмета, прыкмета няздольнасці ўлады да саманаладоўвання. Улада мусіць наладоўвацца, у тым ліку і ўспрымаючы сігналы звонку".