У Латвіі працягваецца ліквідацыя вынікаў аварыі беларускага грузавога цягніка, які накіроўваўся у Вэнтспілс. Сёння зранку ўзнавіўся рух на недаступным дагэтуль адцінку чыгункі ды зніклі спазненні. Цяпер галоўныя працы ратаўнікоў канцэнтруюцца вакол велізарнага забруджання, якое ўзнікла з-за выцеку хімікатаў. 17 цыстэрнаў грузавога цягніка з Беларусі сышлі з рэек уначы на панядзелак непадалёк ад гораду Даўгаўпілс. У выніку катастрофы адбыўся выцек хімікатаў -- 360 т мінеральнай змазкі ды тэхнічнага распушчальніка. Агульная плошча забруджання складае каля 4 тыс. квадратных метраў. Праводзіцца расследаванне. Адна з версіяў -- пашкоджанне рэек. Адмысловы цягнік дзеля аказання дапамогі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы накіравала на месца здарэння Беларуская чыгунка. Галоўны чыгуначны перавозца Беларусі пацвердзіў, што сярод цыстэрнаў, якія сышлі з рэек, беларускіх адзінак няма. Ян Бабіцкі, "Аб'ектыў"