Ці давядзецца нам эканоміць электрычнасць, каб змясціцца ў норме і не пераплачваць за яе ўтрая даражэй? Чыноўнікі актыўна абмяркоўваюць схему ўвядзення поўнай аплаты за скарыстаную электраэнергію, якая перавышае норму. Цяпер жа мы плацім толькі чвэрць сабекошту. Адкрытым застаецца пытанне, колькі складзе норма. Выкарыстаць украінскі досвед прапаноўвае Міністэрства энергетыкі. У суседзяў традыцыйная цана распаўсюджваецца толькі на 150 кВт•г на абанента, для гаспадарак з электрычнымі плітамі -- на 250 кВт•г. Паводле беларускіх энергетыкаў, 80 % гаспадарак утрымліваюцца ў гэтых межах. За энергію, якія перавысіць усталяваную норму, давядзецца плаціць паводле сабекошту. Цяпер карыстальнікі пакрываюць толькі каля чвэрці сабекошту элекраэнергіі. Яшчэ адзін магчымы варыянт, які абмяркоўваўся ва ўрадзе, -- гэта ўвядзенне ліміту памерам 107 кВт•г на аднаго спажыўца. На кожнага наступнага чалавека ў гаспадарцы дадаваліся б яшчэ 30 кВт•г. Але ў звязку з тым, што праводзіць улік жыхароў у гаспадарцы штомесяц немагчыма, у Міністэрстве энергетыкі лічаць гэты план невыканальным. Вольга Кляўчэня, «Аб'ектыў»