Да затрыманага сілавікамі ды пакаранага арыштам Аляксандра Баразенкі пусцілі адваката, які мае скласці касацыйную скаргу і даведацца пра стан здароўя журналіста. Хаця яшчэ сёння працаўнікі цэнтру часовага ўтрымання на Акрэсціна заяўлялі, што для сустрэчы няма вольных памяшканняў. Сёння ж арышт журналіста асудзіла Арганізацыя бяспекі ды супрацы ў Еўропе. ДУНЯ МІЯТАВІЧ, ПРАДСТАЎНІЦА АБСЕ Ў ПЫТАННЯХ СВАБОДЫ СМІ: "Я заклікаю ўлады Беларусі вызваліць Баразенку і спыніць пераследаванне яго ды іншых журналістаў". Арышт нашага калегі асудзіла таксама Міжнародная арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў», якая таксама заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць яго. Тэлеаператара пакаралі адзінаццаццю соднямі адміністрацыйнага арышту, пасля абвешчання выраку Аляксандр абвесціў галадоўку пратэсту. У менскім прымальніку-размеркавальніку на Акрэсціна яго трымаюць чацвёрты дзень. Таксама, як і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Мікіту Каваленку, што зладзіў ля будынку КДБ адзіночны пікет, які здымаў журналіст. Кірыл Смяглікаў, "Аб'ектыў"