Намеснікам міністра ўнутраных справаў -- начальнікам міліцыі грамадскага парадку -- прызначылі палкоўніка міліцыі Мікалая Мельчанку. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Дагэтуль Мельчанка працаваў на аналагічнай пасадзе ў міліцыі Менаблвыканкаму. У сярэдзіне 2000-х гадоў ён быў намеснікам начальніка ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі ды спецыяльнай міліцыі. Цяперашнюю пасаду Мельчанкі раней займаў Яўген Полудзень, які з-за ўдзелу ў жорсткіх разгонах масавых акцыяў пратэсту ўвайшоў у спіс чыноўнікаў, не ўязных у ЗША і краіны Еўразвязу. На пачатку кастрычніка Полудня затрымалі, і ён дагэтуль застаецца пад вартаю. Генеральная пракуратура завяла супраць яго крымінальную справу паводле артыкулу «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі». Сяргей Скулавец, "Аб'ектыў"