Выглядае на тое, што з эканамічнымі свабодамі ў нашай краіне гэтак сама кепска, як і з палітычнымі. У рэйтынгу эканамічнай свабоды паводле вынікаў 2011 г. Беларусь займае 153-е месца сярод 179 краінаў свету. Сярод еўрапейскіх дзяржаваў мы на перадапошнім месцы. Штогадовы рэйтынг эканамічных свабодаў складаецца даследчыцкім цэнтрам "Heritage Foundation" супольна з выданнем "The Wall Street Journal". 179 краінаў свету ацэньваюцца ў катэгорыях свабоды гандлю, свабоды вядзення бізнесу, свабоды інвеставання і права ўласнасці. Першае месца ў рэйтынгу летась заняў Ганконг са значэннем індэксу 89,9 бала. У першую дзясятку таксама ўвайшлі Швейцарыя, Чылі, Ірландыя, Канада, Маўрыкій. Дзясятае месца занялі Злучаныя Штаты. Узровень эканамічных свабодаў у Беларусі адзначаны на 49 балаў са 100 магчымых. Эканоміка Беларусі застаецца ў катэгорыі "рэпрэсаваных". Сюды, між іншага, уваходзяць такія краіны, як Узбекістан, Куба, Зімбабве, і на апошнім месцы -- Паўночная Карэя. Паводле экспертаў, Беларусі найперш перашкаджае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку, адсутнасць паслядоўных эканамічных рэформаў ды карупцыя. Сяргей Скулавец, "Аб'ектыў"