Гатэльны комплекс "Пекін" усё ж паўстане ў цэнтры сталічнага парку 40-годдзя Кастрычніка. Уладам удалося залагодзіць мясцовых жыхароў, якія выступілі супраць пабудовы гатэлю і высечкі дрэваў. Як вынік -- план будаўніцтва зменены, але працы працягнуцца. Сталічныя чыноўнікі абяцаюць упрыгожыць тое, што застанецца ад парку, а таксама мінімальна высякаць дрэвы ды пасадзіць новыя дзеля кампенсацыі. Да канца студзеня плануецца пасадзіць каля 500 маладых дрэваў на тэрыторыі парку. Каб залагодзіць мясцовых жыхароў, будзе адрамантаваная і абноўленая спартовая пляцоўка. У жылым квартале ўлады абяцаюць зрабіць дадатковую пляцоўку для дзяцей, добраўпарадкаваць двары, пасадзіць кусты і дрэвы. Супраць пабудовы гатэлю пасярод парку выказаліся найперш жыхары прылеглых вуліцаў. Архітэктурны праект не праходзіў дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, а менчукі не атрымалі дастатковай інфармацыі пра намеры кітайскага інвестара. Новы план забудовы з'явіўся пасля таго, як да пратэстаў мясцовых жыхароў далучылася Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Марцін Ярскі, "Аб'ектыў"