Хоць апошнія крызісныя гады і былі самыя цяжкія ў гісторыі Еўразвязу, усё ж шмат важных і эфектыўных крокаў зрабіць атрымалася. Так падсумаваў сваё старшынёўства ў Еўрапарламенце Ежы Бузэк, які неўзабаве пакіне гэтую пасаду. На жаль, падобнага прагрэсу не ўдалося дасягнуць у дэмакратызацыі Беларусі. Адказваючы на пытанне "Аб'ектыву" пра дачыненні нашай краіны і Еўразвязу, Ежы Бузэк адзначыў, што гэта -- балючая параза ў ягонай дзейнасці. "Гэта справа, якой не атрымалася вырашыць. Больш за тое -- сёння яна выглядае горш, чым два з паловаю гады таму, калі я распачынаў сваю дзейнасць. Думаю, што мы зрабілі ўсё магчымае. З аднаго боку, мы спрабавалі паказаць, што хочам супрацоўнічаць, прапаноўваем канкрэтныя праекты -- у выпадку, калі сітуацыя будзе набліжацца да дэмакратызацыі. А з іншага боку, мы востра рэагавалі -- уводзілі санкцыі, калі Беларусь не выконвала чаканняў, звязаных з правамі чалавека. Аднак абедзве гэтыя пазіцыі не прынеслі плёну". Беларусь -- адзіная еўрапейская краіна, якой не прынялі ў Раду Еўропы, таму вельмі цяжка на яе ўплываць, але трэба рабіць усё, каб праз незалежныя медыі, кантакты паміж людзьмі, спрашчэнне візавага рэжыму -- быць як мага бліжэй да Беларусі, мяркуе Бузэк. Вольга Старасціна, "Аб'ектыў"