Сусветная эканоміка ўвайшла ў небяспечную фазу -- перасцерагаюць эксперты з Сусветнага банку. Яны папярэджваюць таксама, што для Беларусі гэта адгукнецца мінімальным ростам валавога ўнутранага прадукту. Паводле прагнозу, рост беларускага ВУП складзе ўсяго 0,5 адсотка. Гэтую лічбу Сусветны банк апублікаваў у сваёй штогадовай справаздачы «Глабальныя эканамічныя перспектывы на 2012 год». Несуцяшальныя лічбы адмыслоўцы тлумачаць, сярод іншага, рэцэсіяй еўрапейскай эканомікі ды крызіснымі з'явамі ў ёй. Раней нашмат больш аптымістычныя спадзяванні на рост валавога ўнутранага прадукту агучыў урад Беларусі. Паводле яго, ВУП, які з'яўляецца адным з асноўных паказнікаў эканомікі, сёлета павялічыцца прынамсі на 5--5,5 %. Такі ж і мэтавы прагноз, зацверджаны прэзідэнцкім указам. Мар'яна Чарняева, "Аб'ектыў"